RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Кожны з нас нясе адказнасць за будучыню Беларусі». Магілёўцы аб маючых адбыцца выбарах

Кожны з нас нясе адказнасць за будучыню краіны. Такой думкай падзяліўся начальнік энерга-парасілавага цэха завода «Магілёўтрансмаш» Сяргей Гудзімчык па выніках сустрэчы з адным з кандыдатаў у Прэзідэнты.

У краіне працягваюцца сустрэчы з даверанымі асобамі і кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Сёння ў Магілёве з калектывам завода «Магілёўтрансмаш» ААТ «МАЗ» - кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАВТАМАЗ» сустрэўся адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы Аляксандр Хіжняк. У час размовы з работнікамі прадпрыемства пытанні ўзнімаліся розныя: ад асабістых да больш глабальных, якія датычацца далейшага бачання шляху развіцця Беларусі.

Сярод тых, хто прыйшоў на сустрэчу, - начальнік энерга-парасілавага цэха завода «Магілёўтрансмаш» Сяргей Гудзімчык. Ён расказаў аб тым, што на заводзе працуе ўжо амаль 42 гады, а акрамя таго з'яўляецца актыўным удзельнікам электаральных кампаній - выступае ў якасці назіральніка.

«Выбары Прэзідэнта - найважнейшая падзея для дзяржавы. Мы не проста выказваем сваё меркаванне, выконваем свой грамадзянскі абавязак, але і выбіраем шлях далейшага развіцця нашай краіны. Таму важна і трэба праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю, - расказаў ён. - Працуючы ў якасці назіральніка, заўсёды прыемна разумець, што выбары для людзей - гэта цэлае сямейнае свята і традыцыя. З самай раніцы з пачатку працы ўчастку часцей за ўсё прыходзяць пажылыя людзі: прыбраныя, з роднымі і блізкімі. Людзі з усмешкамі, добрым настроем, а некаторыя нават віншуюць адно аднаго. Моладзь таксама актыўна прыходзіць, глядзіць на старэйшае пакаленьне, бярэ з яго прыклад. Для выбаршчыкаў арганізуюць пункты продажу пачастункаў, прадуктаў харчавання, канцэрты. Але ў мяне ёсць свая традыцыя - я заўсёды галасую датэрмінова».

Гаворачы аб важнасці асабістых сустрэч з кандыдатамі, Сяргей Гудзімчык падкрэсліў, што гэта выдатная магчымасць задаць прамыя пытанні і атрымаць на іх шчырыя адказы. «Ведаеце, калі ідзеш на выбары, для сябе заўсёды вызначаеш, завошта ты ідзеш галасаваць. Вось я галасую за мірнае неба. Ва ўсе часы мір на зямлі быў вялікай каштоўнасцю, а зараз асабліва. Хочацца, каб у нашай краіне захоўвалася сацыяльная накіраванасць, каб у нашага завода была работа, дзе мы зможам вырабляць дастойную і якасную прадукцыю, прадаваць яе. Хочацца, каб раслі нашы заробкі, каб у людзей быў поўны стол, - разважае ён. - Але пры гэтым трэба разумець, што кожны з нас нясе адказнасць за будучыню нашай краіны. З асабістай адказнасці і складаецца дабрабыт грамадства».

Пазнаёміцца з кандыдатам прыйшоў і намеснік начальніка цэха па вытворчасці Ілля Станаваў. Малады чалавек на заводзе працуе 4 гады. Падзяліўся, што ўмовы працы і калектыў выдатныя, праца падабаецца. Важна, што кіраўніцтва завода клапоціцца не толькі аб працоўным працэсе, але і арганізуюць для працаўнікоў розныя сустрэчы. «Да нас прыязджалі дэпутаты рознага ўзроўню: яны задавалі пытанні нам, а мы - ім. Гучалі на такіх сустрэчах і праблемы, якія пасля былі вырашаны, - распавёў ён. - На сустрэчы з кандыдатам у Прэзідэнты я ўпершыню. Мне цікава даведацца, які ён чалавек, паслухаць ягонае бачанне важных для кожнага беларуса момантаў. Магчымасць праводзіць такія зносіны на базе завода - гэта таксама вялікі плюс, бо ўсё гэта праходзіць практычна без адрыву ад вытворчасці».

Старэйшы інспектар аддзела кадраў Святлана Тарасава, якая працуе на прадпрыемстве з 2016 года, падзялілася, што калектыў завода - адно цэлае. Работнікі актыўна прымаюць удзел у важных мерапрыемствах: святочных, патрыятычных. «Сустрэча з кандыдатам у Прэзідэнты - яшчэ адна магчымасць павысіць сваю палітычную дасведчанасць, убачыць не проста публікацыю недзе ў СМІ, а разгледзець у гэтым чалавека і яго якасці», - сказала яна.

Паводле слоў дырэктара прадпрыемства Васіля Хамякова, кіраўніцтва завода ўдзяляе пільную ўвагу не толькі ўмовам працы сваіх работнікаў, але і павышэнню іх дасведчанасці. «Мы ствараем такія ўмовы, дзе чалавек не толькі працуе і вырашае нейкія свае сацыяльныя пытанні. Акрамя гэтага, мы абмяркоўваем і даводзім палітычны парадак дня: абмяркоўваем на нарадах, ладзім розныя сустрэчы. Пры гэтым максімальна стараемся зрабіць працэс зручным для работнікаў: госці прыязджаюць да нас, - падзяліўся дырэктар. - Мы працуем на тэрыторыі горада, вобласці і краіны і не можам існаваць у адрыве ад усяго гэтага. Важна і трэба ня проста ведаць, што адбываецца вакол нас, але і разумець гэтыя працэсы».

Сустрэчы з даверанымі асобамі і кандыдатамі ў Прэзідэнты праходзяць па ўсёй краіне. Яны дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з кандыдатамі і іх праграмамі, задаць пытанні.

Выбары Прэзідэнта Беларусі назначаны на 26 студзеня.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая