RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Крок да поспеху»: падлеткі з санаторыя Магілёўскага раёна паспявалі разам з Ірынай Дарафеевай

Падлеткі з санаторыя «Дубровенка» Магілёўскага раёна пагутарылі і паспявалі з Ірынай Дарафеевай. Сустрэча стала часткай рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Крок да поспеху».

Вядомую беларускую артыстку юныя «дубровенцы» сустрэлі авацыямі. «Менавіта такую сустрэчу я чакала ў сябе на радзіме, тым больш што гэты санаторый для мяне вельмі родны: я шмат часу тут праводзіла ў юнацтве, а мая мама працавала піянерважатай, – звярнулася да залы Ірына Дарафеева. – Я шмат выступала на гэтай сцэне, і ў мяне цяпер такія ж адчуванні, як у дзяцінстве, таму мне неабходна ваша падтрымка. Усё з часам мяняецца, аднак нязменнымі застаюцца нашы традыцыі і каштоўнасці – любоў, вера, шчырасць, адданасць, адказнасць, патрыятызм. Гэтым я сёння і хачу з вамі падзяліцца».

Прыезд заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай дзятва чакала з нецярпеннем: хто ўпусціць магчымасць пагутарыць з чалавекам, які не сыходзіць з экранаў тэлевізара? Вядома ж, да візіту беларускай выканаўцы дзяцей пазнаёмілі з яе творчасцю і біяграфіяй. Як аказалася, для большасці дзяўчынак і хлапчукоў Ірына ў спецыяльным прадстаўленні не мела патрэбы: многія падлеткі захапляюцца музыкай і вакалам, таму ведаюць моцныя галасы нашай краіны. Візіт артысткі стаў для іх прыемным сюрпрызам.

«Гэта вельмі хвалюючая сустрэча, якой я доўга чакала, – кажа 16‑гадовая Вара Лавіцкая, выхаванка першага атрада. – Хочацца даведацца, як яна змянілася, што новага ў яе прафесійным жыцці, як развіваецца сольная кар’ера артысткі. Мне гэта цікава, таму што я таксама спяваю. Вакалам займаюся на працягу 11 гадоў, хацелася б дасягнуць такіх жа вышынь, як наша магіляўчанка Ірына Дарафеева. У ёй сышлося ўсё: выдатны голас, яркая знешнасць, поспех і творчая ўдача. Калі мне выпадзе магчымасць пражыць такое ж яркае і насычанае творчае жыццё, я яе дакладна не выпушчу».

Па словах начальніка санаторыя «Дубровенка» Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі Алесі Рабычынай, такія сустрэчы для падлеткаў вельмі важныя: размаўляючы з паспяховымі і заслужанымі людзьмі, дзеці шмат чаму ў іх вучацца, становяцца больш мэтанакіраванымі і ўпэўненымі ў сабе. «Акцыя «Крок да поспеху» не толькі матывуе нашых выхаванцаў да новых здзяйсненняў, але і дэманструе дасягненні вядомых беларусаў у культуры, спорце, навуцы, мастацтве, – адзначае яна. – Бачачы перад вачыма такія яркія прыклады, дзеці пачынаюць задавацца правільнымі пытаннямі: як дамагчыся такога ж выніку ў абранай справе; калі хтосьці змог, чаму б не паспрабаваць і мне? І гэта важныя моманты, якія з імі трэба прамаўляць, падштурхоўваць іх да гэтых думак».

У санаторыі гэтым летам аздаровяцца 970 дзяцей, цяпер заехала трэцяя змена – 242 вучні. Амаль трэць усіх дзяцей – падлеткі ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, якім надаецца павышаная ўвага. Гэта вельмі адказны перыяд у станаўленні чалавека: ён вызначаецца з выбарам прафесіі і жыццёвага шляху, расстаўляе для сябе прыярытэты, выбірае арыенціры і людзей, на якіх варта раўняцца.

«Дзеці – гэта вялікае шчасце, таму мне заўсёды хочацца з імі размаўляць і расказваць ім пра тое, як прыйсці да поспеху, – сказала Ірына Дарафеева. – Спадзяюся, што ў мяне атрымалася натхніць іх на творчасць і стварэнне. Я таксама хачу, каб яны разумелі, што ёсць у жыцці добра і дрэнна, ёсць чалавечыя каштоўнасці, якія трэба ў сабе не толькі выхаваць, але і захаваць. Гэта вельмі важна для станаўлення асобы. Нашы дзеці не павінны баяцца рызыкаваць: мары спраўджваюцца, асабліва калі дадаць да жадання трохі смеласці і куражу. І, што немалаважна, любіць тую справу, якую абраў і ў якой удасканальваешся».

Праграма знаходжання дзяцей у санаторыі разнастайная: акрамя аздараўлення, ім прапануюць шмат конкурсаў і квэстаў, экскурсій па памятных месцах, спартыўных і культурных мерапрыемстваў. Тут кожны знойдзе занятак па інтарэсах, а таксама зможа раскрыць і праверыць свае таленты: спевы, маляванне, танцы, спорт і многае іншае. Асобая ўвага надаецца прафарыентацыі: так, у санаторый ужо не раз прыходзілі прадстаўнікі розных прафесій і знаёмілі дзяцей са сваёй працай. Дарэчы, трэцяя аздараўленчая змена прысвечана чыгуначнай справе, у гэтай тэматыцы вытрымана большасць мерапрыемстваў.

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі важна надаць неабходную ўвагу падрастаючаму пакаленню. Гэта выяўляецца ў фарміраванні здаровага ладу жыцця, грамадзянска-патрыятычным выхаванні, развіцці творчых здольнасцяў. Немалаважная і прафарыентацыйная праца, якую падчас акцыі «Крок да поспеху» праводзяць вядомыя беларускія дзеячы, якія дзеляцца вопытам асобаснага росту і прафесійнага станаўлення. У нефармальнай і максімальна камфортнай для зносін абстаноўцы дзеці становяцца больш адкрытымі і не саромеюцца задаваць пытанні.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая