RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Купальская гісторыя кахання: прэм’еру мюзікла «Вянок на вадзе» прадставіць у Александрыі Магілёўская філармонія

Штогод рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») рыхтуе для гледачоў яркую і насычаную праграму. Гэта традыцыйныя тэматычныя пляцоўкі, кірмашы, свята цырка і, вядома ж, запамінальныя канцэртныя выступленні. Кожны год арганізатары і ўдзельнікі імкнуцца прыўнесці ў свята нешта новае. Адной з навінак гэтага года стане прэм’ера мюзікла «Вянок на вадзе» ад Магілёўскай абласной філармоніі.

Аўтарам літаратурных тэкстаў і тэкстаў песень мюзікла стала мастацкі кіраўнік філармоніі Алёна Беланожка. Кампазітар –магілёвец Сяргей Цямрук, рэжысёр –Міхаіл Нікалаенка.

«Свята ў Александрыі мае высакародную мэту: яно вяртае нас да спрадвечных беларускіх традыцый. Мы бачым дзіўную трансфармацыю народнага свята ў сучаснае жыццё. Кірмашы, гульні і песні –усё гэта было тады, у нашых продкаў. І зараз мы працягваем гэту традыцыю, адаптуючы яе пад наша жыццё, – сказала Алёна Беланожка. – Ідэя –стварыць для «Купалля» нешта ўнікальнае, звярнуць погляд гледачоў праз стагоддзі, туды, дзе ў купальскую ноч абавязкова шукалі «папараць-кветку». Жаданне стварыць свой мюзікл у нас было даўно. Прапрацоўвалі некалькі сінопсісаў, але спыніцца вырашылі на прыгожай і загадкавай гісторыі кахання».

Алёна Беланожка ўпэўнена, што ў першую чаргу «Купалле» – гэта прыгожыя і загадкавыя гісторыі кахання, пошукі сваёй палавінкі і шчасця. Яго сімвалізуе, квітнеючы адзіную ноч у годзе, папараць.

«Мы пакажам гісторыю,якая адбылася на Купалле,дзяўчыны Веранікі з беларускай вёсачкі. Яна пакахала вясковага каваля Змітрака. Бацькі дзяўчыны выбар не падтрымалі і прапанавалі знайсці іншага, – падзялілася фабулай аўтар. – Выбралі яшчэ двух малайцоў –Сцяпана і Антуся. Усім тром хлопцам Вераніка дала заданне –прынесці ёй «папараць-кветку». Хто незвычайную кветку дастане, таму яна і сэрца сваё аддасць».

Купальскія традыцыі непарыўна звязаны з містыкай. Без яе не абышлося і ў мюзікле.

«Вядома, маладых людзей чакаюць выпрабаванні. Сцяпан вельмі ласы на грошы. Падчас падарожжа ў лесе яму на вочы трапілася дзіўная карчма, а ў ёй – чорт з чамаданам грошай. Сцяпан сваю душу тут на грошы прамяняў і застаўся ў гэтай карчме. Антусь быў прыгажуном і улюбёнцам усіх дзяўчат вёскі. Яму на шляху сустрэўся гатэль «Начныя мроі», а ў ім –шмат прыгожых дзяўчат. Там наш малайчына і застаўся», – адзначыла Алёна Беланожка.

Працягнуў змагацца за руку і сэрца каханай Змітрок. Ён дайшоў да ляснога возера, у цэнтры якога, на астраўку, ужо пачыналараспускацца запаветная кветка. Але шлях яму заступілі русалкі.

«На развітанне Вераніка падарыла любімаму вянок як сімвал кахання і абярэг, – падкрэсліла аўтарка. – Русалкі абяцалі дапамагчы галоўнаму герою дастаць кветку, а замест гэтага пацягнулі на дно возера. Вянок жа паплыў па вадзе».

Свой вянок на вадзе ўбачыла Вераніка з сяброўкамі. Дзяўчына зразумела, што маладыя людзі трапілі ў бяду. І ўсе разам яны адправіліся ратаваць іх.

«Дзяўчаты змаглі абыграць чорта ў карчме і выратавалі Сцяпана, ім удалося зняць чары і з Антуся. Так Вераніка апынулася на беразе возера, дзе яе таксама чакала русалка. Каб яе залагодзіць, дзяўчына падарыла ёй прыгожы грэбень, а адвеку грэбень лічыцца моцным містычным прадметам», – адзначыла Алёна Беланожка.

Такая шчодрасць вельмі здзівіла русалку, і яна вярнула з рачнога дна Вераніцы яе каханага і прапанавала ім забраць «папараць-кветку». У гэты час да возера падышлі Сцяпан і Антусь –кожны з дзяўчынай, якія дапамагалі ратаваць іх ад чараў нячыстых сіл. Прыйшлі на возера і бацькі Веранікі, як аказалася, іх гісторыя кахання таксама пачалася на Купалле. Яны блаславілі маладых – усе знайшлі сваё шчасце.

«Папараць-кветку» вырашылі пакінуць на месцы. Каб кожны год у гэтую незвычайную ноч яна працягвала распускацца над нашай Беларуссю –прыносіць шчасце і аберагаць народ Сінявокай», – падкрэсліла Алена Беланожка.

«Удзельнікамі пастаноўкі будуць як старэйшыя прадстаўнікі творчых калектываў, так і моладзь –усяго амаль 40 чалавек. У мюзікле прагучыць больш за 10 аўтарскіх і арыгінальных песень, дапоўнім усё гэта аўтэнтычнымі беларускімі кампазіцыямі. Яркая сцэнаграфія, відэарад на вялікім экране, прыгожая харэаграфія і меладычная беларуская мова –усё гэта дапаможа гледачам акунуцца ў атмасферу сапраўднага народнага Купалля, – адзначыла Алёна Беланожка. – У мюзікла няма узроставых абмежаванняў. Я ўпэўнена: ён будзе па гусце розным гледачам. Бо ўсіх нас, незалежна ад узросту і прафесій, аб’ядноўвае багатая беларуская культура».

Рэпетыцыі мюзікла ідуць ужо больш за месяц. Зараз–апошнія прагоны, а літаральна на днях–генеральная рэпетыцыя ў Александрыі.

«Для нас гэта сур’ёзны эксперымент. Мы ж не музычны тэатр, у філармоніі крыху іншая спецыфіка працы. Але ўсе нашы артысты і вакалісты вельмі артыстычныя і таленавітыя людзі. Цяпер мы крыху хвалюемся, але я ўпэўнена: мюзікл нікога не пакіне абыякавым», – падзялілася Алёна Беланожка.

Прэм’ера мюзікла пройдзе на малой сцэне рэспубліканскага свята «Александрыя збірае сяброў» у 13.20.

БЕЛТА

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая