RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Мартынюк: у рэгіёне выбудоўваецца сістэмная праца з кадрамі ў цэлым, і з галіновымі напрамкамі - у прыватнасці

Аб павышэнні эфектыўнасці работы сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўнічай галіны ў мэтах аказання якасных паслуг насельніцтву ішла размова на семінары-практыкуме, арганізаваным сёння ў Магілёве. Яго ўдзельнікамі сталі намеснікі старшыняў гаррайвыканкамаў, кіраўнікоў адміністрацый раёнаў у гарадах Магілёве і Бабруйску, асобы, якія знаходзяцца ў рэзерве кіруючых кадраў, што курыруюць сферу ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва і асобы, якія знаходзяцца ў перспектыўным кадравым рэзерве аблвыканкама, кіраўнікі і прадстаўнікі кадравых службаў арганізацый сферы ЖКГ і будаўніцтва, прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Удзел у пленарнай частцы мерапрыемства прынялі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк і намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Дзенгалёў, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Сяргей Іваноў.

«Пры сістэмнай працы з кадрамі, якая існуе ў галіне, ёсць галіны, якія патрабуюць асабліва пільнай увагі. І, у першую чаргу, нават не ў плане абсталявання, паколькі ў сферы ЖКГ на сёння ёсць і набываецца добрае абсталяванне. Хутчэй, у плане насычэння кадрамі, - падзяліўся меркаваннем Леанід Мартынюк. - Людзі, задзейнічаныя ў ёй, павінны быць высокакваліфікаванымі, якія ўмеюць павесці за сабой такіх жа прафесіяналаў. Таму семінары, якія мы праводзім па галіновым прынцыпе, вельмі важныя. І асабліва, у Год якасці. Таму што жыллёва-камунальныя паслугі - гэта лакмусавая паперка працы ўлады. І ў канчатковым выніку ад якасці аказаных паслуг, выкананых работ залежыць многае: і настроі людзей, і іх стаўленне да сваіх абавязкаў. Таму ў Год якасці праца з кадрамі ЖКГ вельмі важная».

Памочнік Прэзідэнта адзначыў, што кадравай службай вобласці ўведзена ў практыку правядзенне такіх галіновых семінараў і штораз іх якасць становіцца ўсё вышэйшай: «Гэта вельмі прыемна і сведчыць аб тым, што ў рэгіёне выбудоўваецца сістэмная работа з кадрамі ў цэлым, і з галіновымі напрамкамі - у прыватнасці», - падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў, Леанід Мартынюк яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што сфера ЖКГ - адна з найбольш значных для твару вобласці, таму што яна блізкая кожнаму: «Якасць тых паслуг і работ, якія вы аказваеце людзям, фарміруе іх уяўленне пра ўладу. Не выпадкова ў праграме семінара сёння адно з пытанняў прысвечана рабоце са зваротамі грамадзян.

Немалаважная і магчымасць зносін паміж сабой: знаёмства і абмен вопытам, устанаўленне асабістых кантактаў. Гэта зусім іншы ўзровень наладжвання ўзаемаадносін, які спрыяе далейшай працы».

Перад удзельнікамі семінара на працягу дня выступіў шэраг экспертаў. Аб інфраструктурным развіцці тэрыторый Магілёўскай вобласці і іншых інструментах кіравання якасцю жыцця насельніцтва рэгіёну расказалі начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Таццяна Касаткіна і старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Ігар Клішо. З рашэннямі, якія ўплываюць на якасць жыцця грамадзян і накіраванымі на фарміраванне камфортнага гарадскога асяроддзя на ўзроўні праектавання, азнаёміў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Інстытут «Магілёўграмадзянпраект» Сяргей Баранаў. На якасці прадастаўлення жыллёва-камунальных паслуг на рэгіянальным узроўні зрабіла акцэнт праз прызму работы са зваротамі грамадзян начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама Іна Філіпава. Аб сістэме сацыяльных стандартаў у ацэнках жыхароў Магілёўскай вобласці і сучасных геапалітычных выкліках і іх уплыве на сацыяльнае самаадчуванне насельніцтва праінфармаваў начальнік аддзялення Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў па Магілёўскай вобласці Алег Корапаў.

Акрамя таго, для асоб, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў на кіруючыя пасады і ў перспектыўным кадравым рэзерве аблвыканкама ў сферы ЖКГ і будаўніцтва, былі арганізаваны майстар-класы адпаведна профілю. Практычныя заняткі ў групах прайшлі на базе МДУКП «Упраўленне камунальных прадпрыемстваў», УПКПВКГ «Магілёўаблводаканал», гарадскога прэс-цэнтра ўстановы «Рэдакцыя газеты «Веснік Магілёва».

У завяршэнне сустрэчы ў рэжыме відэаканферэнцсувязі з рэгіёнамі вобласці была арганізавана дыскусійная пляцоўка, прысвечаная кадравым пытанням у сферы ЖКГ і будаўніцтва па падрыхтоўцы і замацаванні спецыялістаў. У тым ліку, размова ішла аб мэтавай падрыхтоўцы, стварэнні ўмоў для маладых спецыялістаў, ролі прафсаюзных арганізацый.

Так, адказваючы на пытанні журналістаў, Генадзь Дзенгалёў акцэнтаваў увагу на праблеме замацавання ў прафесіі маладых кадраў, адзначыўшы, што на сёння з гэтым ёсць пэўныя цяжкасці. «У сістэме ЖКГ і будаўнічай галіны, на жаль, назіраецца цякучка кадраў. Адбываецца гэта таму, што такая праца патрабуе высокай адказнасці. Два напрамкі, якія ўвесь час знаходзяцца побач з нашымі людзьмі і падвяргаюцца ацэнцы штодня. Трэба адпавядаць выстаўленым крытэрам. Але не заўсёды маладыя людзі ўсведамляюць гэта, выбіраючы прафесію. І калі прыходзяць на працоўнае месца, разумеюць аб'ём працы, зону адказнасці, усе складанасці - і сыходзяць.

Адна з задач падобных семінараў - завастрыць на гэтым увагу, пабудаваць працу такім чынам, каб падрыхтоўку будучых кадраў пачаць ужо з моманту паступлення маладых людзей у навучальныя ўстановы на адпаведныя спецыяльнасці ў сістэме ЖКГ і будаўніцтва. Каб яны ўсведамлялі, якая адказнасць кладзецца на іх плечы з атрыманнем дыплома. І маглі своечасова атрымаць неабходны досвед, перакваліфікавацца пры неабходнасці. Але найпершая наша задача - зрабіць так, каб яны своечасова разабраліся ў пэўных нюансах і палюбілі гэтую прафесію», - падсумаваў ён.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая