RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Заяц: галоўнай мэтай у новым навучальным годзе застаецца павышэнне якасці адукацыі, эфектыўнасці работы навучальных устаноў і кожнага педагога

Галоўнай мэтай у новым навучальным годзе застаецца павышэнне якасці адукацыі, эфектыўнасці работы навучальных устаноў і кожнага педагога. На гэта звярнуў увагу, выступаючы сёння на абласной педагагічнай канферэнцыі, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

Дзяржава прымае ўсе неабходныя меры, каб сфера адукацыі рэгіёна адпавядала самым сучасным патрабаванням, адзначыў кіраўнік Прыдняпроўскага краю. Укладваюцца сродкі ў павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, вырашаюцца праблемы малакамплектных школ і наяўнасці месцаў у дзіцячых садках.

Леанід Заяц паведаміў, што праз некалькі дзён адкрыецца новая сярэдняя школа на 1020 месцаў у Магілёўскім мікрараёне Казіміраўка. Пасля маштабнага капітальнага рамонту школьнікаў прымуць сярэднія школы ў Чэрыкаве і Асіповічах, Мурынборскі вучэбна-педагагічны комплекс у Касцюковіцкім раёне, гімназія ў Глуску. Акрамя таго, да канца года свае дзверы перад дашкалятамі адкрые дзіцячы сад у аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна, а таксама завершыцца рэканструкцыя дзіцячага садка ў аграгарадку Усход Магілёўскага раёна.

Для бяспечнага і бесперабойнага падвозу дзяцей у сельскай мясцовасці штогод абнаўляецца аўтобусны парк. Сёлета набыта 24 школьныя аўтобусы і 8 аўтобусаў, прыстасаваных для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

На капітальны і бягучы рамонты ўстаноў адукацыі рэгіёна бюджэтам прадугледжана Br 14,5 млн. Яшчэ некалькі гадоў таму гэтая лічба была ўдвая меншай.

Вялікія планы па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы і на будучы год, падкрэсліў Леанід Заяц. Адна з галоўных задач – вырашыць пытанне з недахопам месцаў у дашкольных установах. Таму ў Магілёве, Бабруйску і Слаўгарадзе пачынаецца будаўніцтва новых дзіцячых садкоў. Акрамя таго, у 2020 годзе плануецца пабудаваць басейн у сярэдняй школе мікрараёна Казіміраўка ў Магілёве, выканаць капітальны рамонт сярэдніх школ у Глуску, Слаўгарадзе, Кіраўскім раёне і дзвюх школ у Асіповіцкім раёне.

Гаворачы аб сучаснай беларускай моладзі, кіраўнік рэгіёна заўважыў, што яна вылучаецца самастойнасцю, практычнасцю і мабільнасцю, адказнасцю за свой лёс і лёс сваёй краіны, зацікаўленасцю ў атрыманні якаснай адукацыі. «Важна, каб маладыя, актыўныя, адукаваныя людзі не пакідалі вёску, а, наадварот, імкнуліся там жыць і працаваць. Таму і ў далейшым асаблівая роля ў выхаванні павінна надавацца фарміраванню актыўнай пазіцыі моладзі ў грамадска-палітычным жыцці», – сказаў Леанід Заяц.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама звярнуў увагу на значнасць работы па аздараўленні дзяцей. «Паводле афіцыйных даных, сёння толькі кожны трэці юны жыхар рэгіёна абсалютна здаровы, гэта значыць не мае якіх-небудзь адхіленняў па стане здароўя. Праблема вельмі сур’ёзная. Яна патрабуе комплексных рашэнняў. Адно з такіх – актыўнае далучэнне нашых дзяцей да спорту і здаровага ладу жыцця», – падкрэсліў кіраўнік вобласці. Ён запатрабаваў актывізаваць працу па аснашчэнні школ неабходным спартыўным інвентаром і даручыў старшыням гаррайвыканкамаў знайсці магчымасць фінансавання гэтага кірунку.

Гаворачы аб гатоўнасці да новага навучальнага года, Леанід Заяц звярнуў асаблівую ўвагу на пытанне аказання дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы. «Кожнае дзіця Магілёўшчыны павінна прыйсці ў школу з добрым настроем і жаданнем, а значыць, добра падрыхтаваным. Мяркую, для гэтага прыняты ўсе магчымыя меры. Роўна як і для таго, каб знаходжанне дзяцей у дзіцячых садках і школах было максімальна бяспечным», – канстатаваў старшыня аблвыканкама. 

Леанід Заяц выказаў словы падзякі выкладчыкам за адданасць прафесіі, неабыякавасць і мудрасць, а педагагічным работнікам, якія падрыхтавалі у 2019 годзе пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, уручыў спецыяльныя дыпломы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая