RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Заяц: прыцягнутыя ў Магілёўскую вобласць інвестыцыі – вынік карпатлівай працы па наладжванні партнёрскіх адносін, заснаваных на даверы і ўзаемаразуменні

Прыцягнутыя ў Магілёўскую вобласць інвестыцыі – вынік карпатлівай папярэдняй работы па наладжванні партнёрскіх, сяброўскіх адносінаў, заснаваных на даверы і ўзаемаразуменні. На гэта звярнуў увагу сёння, адкрываючы XI Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху», старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

Губернатар адзначыў, што геаграфія знешнеэканамічнай дзейнасці Прыдняпроўскага краю ахоплівае амаль 120 краін свету, а гадавы аб'ём экспарту перавышае $ 2 млрд. «Адна з пераваг Магілёўскай вобласці – выгаднае геаграфічнае становішча, – адзначыў кіраўнік рэгіёну. – Мы маем адкрытую мяжу з Расійскай Федэрацыяй, што дае выхад на агульны мытны рынак з колькасцю насельніцтва больш за 180 млн. Чалавек. Выгаднае размяшчэнне дазволіла нам стаць лагістычным цэнтрам і для паставак у краіны Еўрапейскага саюза».

Інвестыцыйную прывабнасць Магілёўскай вобласці таксама забяспечваюць развітая інфраструктура, стабільная сацыяльная абстаноўка і наяўнасць кваліфікаваных кадраў. Рэгіён валодае магутным інтэлектуальным патэнцыялам. Шырокая сетка адукацыйных устаноў уключае вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы, у якіх рыхтуюць спецыялістаў па самых розных напрамках: ад металаапрацоўкі і хімічнай прамысловасці да аграпрамысловага комплексу.

«Мы адкрытыя для інвестараў, гатовыя разгледзець любыя прапановы па развіцці бізнесу ў розных сферах і аказаць далейшае садзейнічанне па яго суправаджэнню, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Мы заўсёды абмяркоўваем найбольш зручнае і выгаднае для ўсіх бакоў уваходжанне бізнесу ў наш рэгіён».

Свае інвестыцыі вобласці давяраюць многія замежныя кампаніі з расійскім, нямецкім, аўстрыйскім, літоўскім, турэцкім, кітайскім капіталамі. Яны пераканаліся, што ў рэгіёне кожны інвестар і яго справа абаронены і адчуваюць сябе камфортна. Тут дзейнічаюць максімальна празрыстыя правілы вядзення бізнесу.

Асаблівую цікавасць у партнёраў выклікае свабодная эканамічная зона «Магілёў», дзе створаны рэжым спецыяльных прэферэнцый і льгот. «Дзяржава бярэ на сябе развіццё інфраструктуры СЭЗ, паколькі гэта выгадна ўсім, у тым ліку і інвестарам», – адзначыў старшыня Магаблвыканкама.

У ліку іншых пераваг вобласці кіраўнік рэгіёну назваў спецыяльную эканамічную зону – паўднёва-ўсходні рэгіён. Гэта тэрыторыя сямі раёнаў: Крычаўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага, дзе створаны дадатковыя льготныя ўмовы для вядзення бізнесу.

«Развіццё інавацый – яшчэ адна сфера нашых інтарэсаў. Менавіта ў Магілёве з'явіўся першы ў краіне тэхнапарк, а дзякуючы навукова-тэхнічнай думцы і асабістай ініцыятыве канкрэтных людзей у нас запрацавалі сучасныя, інавацыйныя вытворчасці, такія як «Тэхналіт», «Алтымед», «Куво», «Сервалюкс», – заўважыў Леанід Заяц.

Па словах кіраўніка Прыдняпроўскага краю, за апошнія гады Беларусь і Магілёўская вобласць у прыватнасці стала пляцоўкай правядзення шматлікіх палітычных, дзелавых, культурных, спартыўных форумаў міжнароднага маштабу. «У гэтыя дні наша краіна стала сталіцай мультыспартыўнай падзеі – II Еўрапейскіх гульняў, – сказаў Леанід Заяц. – У тым, што сёння мы праводзім інвестфорум, ёсць пэўны сімвалізм. Бо ў бізнесе, як і ў спорце, павінна прысутнічаць здаровая канкурэнцыя, дух сумленнага суперніцтва і павагі».

Кіраўнік Магілёўскай вобласці падкрэсліў, што з кожным годам інвестфорум набірае абароты: пашыраецца геаграфія прадстаўленых краін, павялічваецца колькасць удзельнікаў. «Гэта пацвярджае, што «Млын поспеху» стала не толькі паспяховай інвестыцыйнай пляцоўкай, але і добрай магчымасцю для сустрэч з прадстаўнікамі бізнесу розных краін, нашых сяброў і партнёраў», – падкрэсліў Леанід Заяц.

Магілёў сёння прымае двухдзённы XI Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху». У інвестфоруме ўдзельнічаюць госці з больш чым 20 замежных дзяржаў. Ім прадастаўлена магчымасць наведаць выставу інвестыцыйна-эканамічнага патэнцыялу рэгіёну, прыняць удзел у працы тэматычных секцый і рэгіянальным форуме «Магілёўская вобласць – тэрыторыя ўстойлівага развіцця».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая