RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Лясгасы Магілёўскай вобласці плануюць прадаць 16,5 тыс. навагодніх елак

Лясгасы Магілёўскай вобласці плануюць прадаць 16,5 тыс. навагодніх елак. Пра гэта расказаў намеснік начальніка аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Магілёўскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Васіль Шык.

«У гэтым годзе мы плануем рэалізаваць насельніцтву 16,5 тыс. маладзенькіх дрэўцаў, – адзначыў Васіль Шык. – У параўнанні з леташняй гэтая лічба трохі знізілася: людзей усё больш прывабліваюць штучныя прыгажуні, якіх сёння візуальна цяжка адрозніць ад сапраўдных лясных гасцей. З году ў год мы таксама прапануем нашым пакупнікам дрэвы ў кадках і навагоднія букеты – кампазіцыі з яловых лапак для хвойнага водару і святочнага настрою. Напрыклад, плануем рэалізаваць 165 кадак і 205 букетаў».

Ёлачныя кірмашы пачнуць працаваць у рэгіёне з 21 снежня. Навагодняе дрэўца можна набыць як у саміх лясніцтвах, так і ў населеных пунктах – гарадах, раённых цэнтрах і нават аграгарадках. Усяго па вобласці будзе арганізавана амаль 190 пунктаў рэалізацыі лясной прадукцыі, у тым ліку 16 – у Магілёве.

«Самыя папулярныя ў насельніцтва ялінкі вышынёй ад 1 да 3 м, – удакладнілі ў лесагаспадарчым аб’яднанні. – Кошт лясной прыгажуні ў гэтым сезоне будзе вар’іравацца ад Br7,8 да Br21,1 за дрэўца ў залежнасці ад вышыні і агульнага таварнага выгляду. Так, у сярэднім невялікая ялінка да 1 м будзе каштаваць Br7,8, дрэўца звыш 1 м і да 2 м – прыкладна Br10,3, больш за 2 м да 3 м – Br21,1. Кошт зялёнай госці ў кадцы складзе Br18,4, кошт навагодняга букета – Br5,1».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая