RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць і кітайскі горад Цяньцзінь зацікаўлены ва ўмацаванні супрацоўніцтва

Магілёўская вобласць і кітайскі горад Цяньцзінь зацікаўлены ва ўмацаванні супрацоўніцтва. Намеры развіваць партнёрскія ўзаемаадносіны выказалі сёння падчас афіцыйнай сустрэчы намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар і намеснік дырэктара муніцыпальнага гандлёвага бюро Цяньцзіня Чжоу Лу.

Аснова, на якой будуць будавацца планы на перспектыву, закладзена яшчэ ў маі бягучага года. Тады прадстаўнікі нашага рэгіёна прынялі ўдзел у III сусветным інфармацыйным кангрэсе, дзе падчас сустрэчы з кіраўніцтвам горада Цяньцзінь падпісалі пагадненне аб устанаўленні адносін дружалюбнага абмену і супрацоўніцтва. Зараз партнёры гатовыя напаўняць гэты дакумент канкрэтнымі праектамі ў розных сферах. І для гэтага вызначылі адказных спецыялістаў, якія будуць каардынаваць супрацоўніцтва.  

Цяньцзінь – адзін з самых маштабных гарадоў на карце Кітая, абмываецца водамі заліва Бохай і акружаны з поўначы гарамі Яньшань. Паводле гістарычных даных, ён утвораны ў 1404 годзе і за больш чым 600 гадоў існавання аброс незлічонай колькасцю славутасцяў і цікавых месцаў. Дзякуючы блізкасці сталіцы горад вокамгненна развіваўся і сфарміраваўся ў сучасны, развіты эканамічны, культурна-адукацыйны, фінансавы і навукова-даследчы цэнтр, насельніцтва якога перавышае 14 млн. жыхароў. Горад-порт мае сувязь з 400 партамі ў 180 краінах і прапускае велізарныя тавараабароты, што робіць Цяньцзінь прывабным для вядзення бізнесу.

Гаворачы аб супрацоўніцтве з КНР у цэлым, Руслан Страхар падкрэсліў найбольш паспяховае выбудоўванне ўзаемаадносін у апошнія некалькі гадоў. Экспарт у Паднябесную ў параўнанні з пачаткам 2015 года павялічыўся ў 10 разоў. Калі тады за год у Кітай пастаўлялася тавараў на суму, якая не перавышае $2 млн., то ў 2018-м экспарт вырас да $27 млн., пры гэтым асноўнымі пазіцыямі былі мяса, малако і малочныя прадукты, мяса птушкі, лён, лесаматэрыялы, мэбля і тэкстыльная прадукцыя.

Актывізавалася, паводле слоў Руслана Страхара, інвестыцыйнае супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі. Шэраг кампаній ужо пачаў рэалізацыю праектаў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, а многія цікавяцца ўмовамі стварэння тут сваіх вытворчасцей. «Лічыцца, што наш рэгіён валодае мноствам пераваг, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама. – Гэта самы ўсходні раён Беларусі і знаходзіцца ён на мяжы з Расіяй, што адкрывае выхад на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза з насельніцтвам больш за 180 млн. чалавек. Мы маем развітую інфраструктуру, транспартныя зносіны і кругласутачны аэрапорт. Паспяхова ў рэгіёне развіваецца машынабудаванне, хімічная прамысловасць, вытворчасць прадуктаў харчавання. Вобласць валодае сур’ёзным кадравым патэнцыялам: на тэрыторыі налічваецца 80 ВНУ і ССНУ».

Руслан Страхар дадаў, што сёння Магілёўская вобласць супрацоўнічае больш чым са 120 краінамі свету і штогод экспартуе тавараў на $2 млрд. Тут зарэгістравана 300 кампаній з замежным капіталам. І немалаважны фактар, які ўплывае на зацікаўленасць інвестараў, – лаяльнае заканадаўства.

Праграмай аднадзённага візіту дэлегацыі горада Цяньцзінь у нашу вобласць прадугледжана наведванне шэрагу прадпрыемстваў рэгіёна, дзе пройдуць перамовы аб супрацоўніцтве. Таксама запланавана сустрэча з прадстаўнікамі бізнесу на пляцоўцы Магілёўскага аддзялення БелДПП.

       

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая