RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць пашырае плошчы пад вырошчванне грэчкі

Падчас рабочай паездкі ў Бабруйск Прэзідэнт асаблівую ўвагу звярнуў на апрацоўку грэчкі, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці, забеспячэнне сваімі крупамі беларускага рынку. Гэта звязана з павелічэннем попыту на яе і абмежаваннем паставак з суседняй Расіі. Як рэгіён мае намер рэалізаваць патрабаванне кіраўніка дзяржавы і якія для гэтага ёсць магчымасці?

Першы намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кажамякін праінфармаваў: летась грэчку вырошчвалі на плошчы 3,5 тысячы гектараў, у 2020-м яна зойме каля 5 тысяч. Насення дастаткова, ёсць рэальная магчымасць выканаць указанні Прэзідэнта.

Найбольш значны прырост пасяўных плошчаў намячаецца ў Круглянскім раёне. Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Юрыя Яўсеева, яны павялічацца ў 2,5 разы і дасягнуць 500 гектараў. Палова з іх у мінулым годзе прыпадала на ААТ «Круглянская Іскра». Галоўны аграном Ігар Кейзераў растлумачыў: тут умеюць працаваць з культурай, ніколі не бывае праблем з насеннем, якое рыхтуюць самі. Праўда, у мінулым годзе спачатку пасля збору ўраджаю былі цяжкасці з рэалізацыяй. Але затым у сувязі з вядомымі падзеямі прадалі ўсю. Цяпер, улічваючы абстаноўку на рынку, плануюць павялічыць плошчы.

Яшчэ больш зойме яна ў Дрыбінскім раёне: з 450 гектараў у мінулым сезоне павялічыцца да 700 у цяперашнім. Акрамя сельгаспрадпрыемстваў, дзе грэчка апрацоўвалася раней, цяпер падключацца таксама ААТ «Дрыбінрайаграпрамтэхзаб» і «Дрыбін-Агра», якія знаходзяцца ў даверным кіраванні УП «Горацкі элеватар».

Не застаюцца ў баку і дрыбінскія фермеры. Адзін з іх, Васіль Ігнаценка, сцвярджае, што грэчка выгадная ў севазвароце. Праўда, у некаторыя гады былі цяжкасці са збытам, але цяпер іх няма. Разам з бацькам і братамі сёлета маюць намер вырошчваць культуру на 200 гектарах. Маглі б і больш, ды недастаткова сваёй зямлі.

Спецыяліст вытворчага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дрыбінскага райвыканкама Міхаіл Міхайлаў кажа, што мясцовыя ўлады гатовыя вылучыць фермерам дадатковыя плошчы для пашырэння пасеваў грэчкі. Але трэба знайсці кампраміс па канкрэтных участках з улікам ужо размешчаных на іх культур.

У цэлым ход палявых работ у Магілёўскай вобласці робіць добрае ўражанне. Усіх яравых пасеяна больш, чым у сярэднім па краіне. На апошніх гектарах кладзецца ў глебу насенне лёну. Узрастаюць тэмпы сяўбы кукурузы. На зерне пад яе адводзіцца ў паўтара раза больш плошчаў, чым у 2019-м. Паводле слоў Андрэя Кажамякіна, пры спрыяльных умовах ёсць магчымасць атрымаць ураджай усіх культур большы, чым у мінулым годзе. Гэтаму спрыяе лепшая запраўка глебы. Мінеральных угнаенняў назапашана ўжо палова ад патрэбы, у той час як год таму на гэтую дату было толькі 36 працэнтаў.

СБ

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая