RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі фестываль навукі збярэ ўдзельнікаў з сямі краін

Магілёўскі фестываль навукі збярэ ў Беларуска-Расійскім універсітэце 20–21 лютага больш за 1 тыс.удзельнікаў з сямі краін – Беларусі, Грузіі, ААЭ, Польшчы, Расіі, Таджыкістана, Эстоніі. Пра гэта паведаміў прарэктар па навуковай рабоце ВНУ доктар тэхнічных навук дацэнт Віктар Пашкевіч.

«Магілёўскі фестываль навукі –вялікае прафарыентацыйнае мерапрыемства, якое прэзентуе дзейнасць і матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта, а таксама матывуе маладых людзей звязаць сваю будучую прафесію з дакладнымі навукамі, – адзначыў суразмоўца. –- Фестываль праходзіць ужо шостым разам і традыцыйна ўключае ў сябе больш за два дзясяткі мерапрыемстваў: выставы, конкурсы, алімпіяды, круглыя сталы, лекцыі, трэнінгі і семінары вядучых выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў беларускіх і замежных устаноў вышэйшай адукацыі».

Імпрэзу адкрые выстава «Навука ўчора і сёння». На ёй будуць прадстаўлены перадавыя тэхналогіі і навуковыя распрацоўкі навучальных устаноў, а таксама работы гурткоў дзіцячай тэхнічнай творчасці. Наведвальнікі ўсіх узростаў знойдуць тут шмат цікавай і нагляднай інфармацыі: распрацоўкі ў IT-сферы, механіцы, мехатроніцы, робататэхніцы. Усяго будзе аформлена больш за 100 экспанатаў.

Не абыдзецца і без візітнай карткі фестывалю–міжнароднай алімпіяды па матэматыцы MathOpen 2020, якая «старэйшая» за сам фестываль на пяць гадоў. Сёлета інтэлектуальны выклік прыме амаль 50 студэнтаў і аспірантаў. Паводле ўмоў алімпіяды, ім прапануюць на працягу пяці гадзін вырашыць 30 звышскладаных задач. Таксама ў праграму ўвойдуць Міжнародная адкрытая алімпіяда Беларуска-Расійскага ўніверсітэта па начартальнай геаметрыі і чарчэнні Grapho, рэгіянальная камандная алімпіяда студэнтаў і школьнікаў па праграмаванні, фізіка-матэматычная і хіміка-біялагічная алімпіяды і г. д.

«Асаблівасцю гэтага фестывалю стане акцэнт на развіцці IT-кірунку, – сказаў Віктар Пашкевіч. – Мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з прадстаўнікамі шэрагу найбуйнейшых IT-кампаній, якія на працягу ўсяго фестывалю будуць чытаць лекцыі па сучасных тэхналогіях праграмавання, кібербяспекі, увядзенні ў прафесію праграміста, перадавых тэндэнцыях у IT-індустрыі. Як правіла, такія мерапрыемствы праходзяць пры аншлагу. Тым больш што яны нацэленыя на доўгатэрміновую перспектыву: тут можна заявіць пра сябе і стаць патэнцыйным стажорам або работнікам адной з гэтых кампаній».

Асобную ўвагу арганізатары надалі школьнікам: для іх пройдзе конкурс-выстава дзіцячага малюнка «Я малюю навуку». Сёлета заяўкі на ўдзел падала больш за 100 чалавек ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. У фінал выйшла 60 работ, з якіх журы адбярэ пераможцаў у пяці намінацыях: «Навука вачыма дзяцей», «Партрэт вучонага і яго дасягненні», «Горад будучыні», «Дасягненні навукі на карысць чалавецтва», «Вынаходніцтвы будучыні».

«Фармат нашага фестывалю правераны часам, – лічыць Віктар Пашкевіч. – Галоўнае, што на ўсіх мерапрыемствах прысутнічае моладзь, якой неабыякава, чым дыхае сучасная навука і ў якім кірунку развіваецца. І гэта вельмі важна, бо навуковая дзейнасць заключаецца не толькі ў тым, каб сядзець у лабараторыі, займацца адкрыццямі і шукаць для сябе новыя заканамернасці. Навука –гэта яшчэ і ўзнаўленне кадраў. Моладзь, якая цікавіцца навукай і ідзе ў гэтым кірунку –безумоўна, наш залаты фонд».

Таксама Віктар Пашкевіч адзначыў, што фестываль не толькі стымулюе моладзь да заняткаў навукай і павышае імідж навукова-педагагічнай дзейнасці, але і дае істотны штуршок у развіцці ўніверсітэта. Так, за апошнія гады на базе ўніверсітэта адкрылася 6 новых лабараторый з самым сучасным абсталяваннем. Прычым гэтыя лабараторыі, або пункты росту, як іх яшчэ называюць, зрабілі добрую заяўку на беларускім і замежных рынках.

Сёння Беларуска-Расійскі ўніверсітэт –гэта буйны рэгіянальны навукова-адукацыйны цэнтр, дзе праходзіць падрыхтоўку каля 5 тыс.студэнтаў. Адметнай рысай установы з’яўляецца цесная сувязь з рэальным сектарам эканомікі: на магілёўскіх прадпрыемствах створана сетка філіялаў выпускаючых кафедраў навучальнай установы, а навукоўцамі ўніверсітэта пастаянна вядуцца гаспадарчыя работы. Больш за тое, установа ўдзельнічае ў выкананні дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая