RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі медкаледж павялічыць набор у паўтара раза

Магілёўскі дзяржаўны медыцынскі каледж плануе сёлета набраць на навучанне 460 чалавек, што перавышае леташні паказчык у паўтара раза, паведаміў дырэктар установы адукацыі Юрый Крывашчокаў.

Павелічэнне набору стала магчымым дзякуючы таму, што каледжу па даручэнні старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца перадалі былы будынак кадэцкай школы, які знаходзіцца побач. Зараз гэта будзе чацвёрты корпус навучальнай установы. Будаўнікі ўжо пачалі рамонтныя работы, каб ужо з 1 верасня была магчымасць задзейнічаць новыя памяшканні пад адукацыйны працэс. «Для нас вырашылася даўняя праблема з вострым дэфіцытам аўдыторый, – адзначыў дырэктар каледжа. – Запуск новага корпуса дазволіць, па-першае, стварыць умовы для навучальнага і выхаваўчага працэсу, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням, разгрузіць навучальны графік. Нават з улікам дадатковага набору навучальныя заняткі будуць праходзіць пераважна ў першую змену, скароціцца колькасць заняткаў у суботнія дні. Дадатковы набор дазволіць таксама на працягу найбліжэйшых двух-трох гадоў вырашыць у вобласці праблему з недахопам медыцынскіх кадраў сярэдняга звяна».

З верасня ў распараджэнне каледжа паступяць 28 навучальных аўдыторый, дзве невялікія трэнажорныя залы і спортпляцоўка. Акрамя таго, навучальная ўстанова сёлета атрымае новае сімуляцыйнае абсталяванне для адпрацоўкі практычных навыкаў у лабараторыях. Адрамантаваныя плошчы дазволяць свабодна размясціць яго і арганізаваць эфектыўную навучальную прастору. «Гэта істотна палепшыць узровень падрыхтоўкі будучых выпускнікоў, дасць магчымасць на практычных занятках у каледжы асвоіць такія метады і маніпуляцыі, якія раней былі магчымы толькі ў рэальных умовах медустаноў», – адзначыў Юрый Крывашчокаў. На парадак палепшыцца і працэс навучання спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый вобласці навыкам аказання першай дапамогі на базе сімуляцыйных лабараторый.

Магілёўскі медкаледж заснаваны ў 1847 годзе. Падрыхтоўку кадраў тут вядуць на базе агульнай сярэдняй адукацыі па спецыяльнасцях: лячэбная і сястрынская справа, фармацыя, медыка-дыягнастычная справа. Працуе аддзяленне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая