RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі школьнік заваяваў залаты медаль фестывалю інжынернай навукі ў Тунісе

Адзінаццацікласнік сярэдняй школы №18 Магілёва Данііл Шаройкін заваяваў залаты медаль X Міжнароднага фестывалю інжынернай навукі і тэхнікі I-FEST 2019, які праходзіў 21-29 сакавіка ў Манастыры (Туніс).

Беларусь была прадстаўлена на форуме ўпершыню. Данііл распрацаваў прыбор для вызначэння якасці вады (катэгорыя «Навакольнае асяроддзе»). Члены міжнароднага журы далі высокую ацэнку ўзроўню падрыхтоўкі Магілёўскага школьніка, адзначылі сістэмную і мэтанакіраваную дзейнасць педагогаў школы №18. Па выніках фестывалю Данііл узнагароджаны Залатым медалём і дыпломам пераможцы конкурсу, а педагог, які падрыхтаваў яго, – настаўнік хіміі і біялогіі Кацярына Капралава, – падзякай арганізатараў фестывалю.

Прайшоў канцэрт, на якім канкурсанты ў нацыянальных касцюмах прадстаўлялі творчыя візітоўкі сваіх краін. Данііл, які таксама з’яўляецца салістам заслужанага аматарскага калектыву Беларусі тэатра-студыі «Вясёлка», выступіў з дзвюма музычнымі кампазіцыямі аб сваёй радзіме.

I-FEST праводзіцца асацыяцыяй ATAST (Туніская асацыяцыя за будучыню навукі і тэхнікі). Гэта найбуйнейшы міжнародны фестываль у галіне навуковых і інжынерных даследаванняў на афрыканскім кантыненце.

У адборачным этапе конкурсу прыняло ўдзел 1,2 тыс. старшакласнікаў і студэнтаў з 40 краін ва ўзросце ад 14 да 24 гадоў. У фінал было дапушчана 150 навуковых праектаў, якія прадстаўлялі маладыя навукоўцы з 30 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Удзельнікі фестывалю спаборнічалі ў такіх катэгорыях, як фізічная навука, інжынерыя, навакольнае асяроддзе, інфарматыка, жыццё і біялогія, сацыяльныя навукі, мультымедыя, кароткаметражны фільм і бізнес.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая