Граматная прафарыентацыя
Адчуваючы патрабаванні рынку, вагонабудаўнічы блізкі да падваення сваіх вытворчых магутнасцяў у параўнанні з 2021‑м. Паміж эканомікай і кадрамі тут бачаць прамую сувязь, таму робяць акцэнт на моладзь – разумную, адукаваную, матываваную. На заводзе кожны пяты супрацоўнік – да 31 года. Абнаўляецца калектыў і далей. У гэтым сезоне ў прадпрыемства каласальнае папаўненне: да абавязкаў прыступілі адразу 54 маладыя спецыялісты.
СКАЗАНА
– Мы стварылі дзяржаву, утрымалі яе, памножылі атрыманую спадчыну. Місія маладых – захаваць яе і надаць краіне імпульс.
Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, 28 студзеня 2022 года.
Маладыя таленты – на развіццё імпартазамяшчэння
Яшчэ 18 гадоў таму вагоны рухомага саставу ў Беларусі не вырабляліся – закупляліся ў Расіі і Украіне. Сёння ў лінейцы завода 11 мадэляў, распрацоўваюцца новыя ўзоры. Вікторыя Немагай, адзіная дзяўчына сярод маладога папаўнення, прыйшла ў канструктарскі аддзел пасля вучобы ў Беларуска-Расійскім універсітэце Магілёва. На спецыяльнасці «Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці» сярод хлопцаў у групе яна была адна, таму мужчынскі калектыў завода яе не палохаў. Родам з Ліды, але вырашыла замацавацца ў Магілёве. Кажа, граматна правялі прафарыентацыйную працу:
– Яшчэ падчас вучобы мой цяперашні начальнік канструктарскага аддзела прыходзіў ва ўніверсітэт і расказваў пра плюсы працаўладкавання на вагонабудаўнічым. Перспектывы зацікавілі.
Вікторыі Немагай даверылі мадэрнізацыю ўніверсальнага паўвагона для перавозкі буйнагабарытных грузаў. На дзяўчыне – спецыфікацыі, тэхналогіі, метал. А яе інструменты – гэта камп’ютар і спецыяльныя праграмы для канструявання 3D-мадэляў. Яны перакладаюцца ў чарцяжы, якія трапляюць на вытворчасць. У 2022-м БЕЛАЗ перадаў вагонабудаўнічаму правы распрацоўшчыка вагона, таму новай супрацоўніцы трэба будзе актуалізаваць дакументацыю, тэхрэгламент, тэхпрацэсы.
Начальнік канструктарскага аддзела Ігар Нікіценка ўскладае на моладзь вялікія надзеі:
– Вікторыя і спецыялісты, якія прыйшлі сёлета, ужо працуюць над мадэрнізацыяй вагонаў. Плануецца перагледзець кранштэйны – элемент, на якім трымаецца тармазная апаратура, зрабіць іх больш тэхналагічнымі. Гэта дазволіць у будучым вырабляць іх у сябе. Імпартазамяшчэнне ў справе. Да таго ж, знізіцца працаёмкасць працы, што паменшыць эканамічныя выдаткі і сабекошт прадукцыі.
Тымбілдынг у дапамогу
За суткі на заводзе ўстае на рэйкі чатыры вагоны. Для выканання такой задачы трэба, каб абсталяванне працавала як гадзіннік. За аператыўную ліквідацыю непаладак адказваюць слесары-рамонтнікі. Адзін з іх – пачатковец Кірыл Мурыгін. Хлопец скончыў Магілёўскі дзяржаўны машынабудаўнічы прафесійна-тэхнічны каледж. У параўнанні з іншымі хлопцамі, жартуе, ён ужо вопытны супрацоўнік:
– Хлопцы прыступілі да працы 1 жніўня, а я прыйшоў на паўмесяца раней – адразу пасля вучобы. Навошта губляць час? Станкі, складаныя машыны, сучаснае абсталяванне... Трэба ведаць, як усё ўладкавана. У каледжы больш тэарэтычная база, а тут рэальныя машыны.
Яшчэ на практыцы Кірыл зразумеў, што да моладзі на заводзе адносяцца сур’ёзна. За хлопцамі замацавалі слесараў вышэйшага разраду, якія паказвалі, як уладкавана высокатэхналагічнае абсталяванне.
– Новага для мяне шмат, на вагонабудаўнічым свая спецыфіка, – тлумачыць Кірыл. – Вядома, апрабаваў не кожны станок, але разумею прынцып, як сабраць і разабраць гэты складаны «канструктар». Калі трэба, старэйшыя таварышы падкажуць.
Кірыл пакуль знаёміцца з калектывам. Дапамагае тымбілдынг: кожны месяц на заводзе Дзень спорту. Слесар ужо двойчы ўдзельнічаў у спартыўных турнірах, па душы гульнявыя віды. У каманднай гульні, упэўнены Кірыл, лепш даведаешся людзей.
Вагон аб’ёмам 90 кубаметраў – вынік працы зваршчыкаў за адну змену. Дзмітрый Пераломаў – спецыяліст таксама малады, але яму ўжо давяраюць самыя складаныя задачы. Справа ў тым, што Дзмітрый на вагонабудаўнічым праходзіў практыку, калі вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным машынабудаўнічым каледжы. Тады хлопца замацавалі за майстрамі Аляксандрам Рыхцікавым і Генадзем Валюжэнічам. Учарашні студэнт задаволены:
– Сёння мы ўжо калегі. У прадпрыемства шмат новых заказаў, так што працы хапае. Але гэта толькі плюс – ёсць магчымасць зарабіць.
Маладыя спецыялісты атрымалі пад’ёмныя. Сацпакет таксама салідны: усе, хто мае патрэбу, забяспечаны інтэрнатамі, арганізуюцца паездкі і экскурсіі, прапануюцца абанементы ў басейн, квіткі ў тэатр. Усё для таго, каб моладзь не толькі прыйшла на вагонабудаўнічы, але і не сышла з гэтых рэек.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.02.2025 - 09:21
19.02.2025 - 11:16
Фіналіст праекта Х-Factor Belarus выказаўся аб удзеле ў конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні
11.02.2025 - 09:11
Абласны турнір па ваенна-прыкладных відах спорту «Абароннік Айчыны» прайшоў у Магілёве
10.02.2025 - 15:08
Стартаваў прыём заявак для ўдзелу ў фестывалі патрыятычнай песні «Салдацкі канверт»
04.02.2025 - 10:19
03.02.2025 - 09:34