RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Маладыя спецыялісты азнаёміліся з дзейнасцю ААТ «Рассвет» імя К.П. Арлоўскага»

Удзельнікі абласнога злёту маладых спецыялістаў, якія прыбылі на першае працоўнае месца ў арганізацыі рэгіёна ў 2024 годзе, сустрэліся з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктарам ААТ «Рассвет» імя К.П. Арлоўскага» Аляксандрам Багелем, азнаёміліся з дзейнасцю цяплічнага камбіната і новага МТК.

— Гэта вельмі пазнавальнае мерапрыемства для маладых спецыялістаў, - прызнаўся настаўнік біялогіі і геаграфіі СШ №2 г. Бялынічы Дзмітрый Іваноў. — Мы пабывалі на мемарыяльным комплексе «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» у вёсцы Боркі. Я ўжо там бываў, але кожны раз гэта хвалююча. На нашу гісторыю забываць нельга, асабліва такія яе старонкі. Цікавай выдалася і сустрэча з кіраўніком ААТ «Рассвет» імя Кірыла Арлоўскага». Мы наведалі цяплічны камбінат і новы малочнатаварны комплекс. Прыемна бачыць, што ў нас развіваецца сельская гаспадарка, будуюцца жывёлагадоўчыя комплексы. На свае вочы ўбачыць працу сельскіх працаўнікоў дарагога варта.

На думку Аляксандра Багеля, з маладымі спецыялістамі неабходна сустракацца як можна часцей.

— Вы ведаеце, яны ж выйшлі з лавы са ССНУ або ВНУ. Зразумелая справа, што там больш была тэорыя. Для таго, каб уліцца ў калектыў, трэба практычна ведаць, як людзі працуюць. Не абавязкова ў той сферы, дзе ты працуеш, важна ведаць шырока, у тым ліку адкуль бяруцца ў нашых магазінах прадукты харчавання, зімой агуркі, памідоры і гэтак далей, - сказаў Аляксандр Іванавіч. — Таму, па-першае, у іх пашыраецца кругагляд, а па-другое, яны задаюць пытанні, якія іх цікавяць і якія, можа быць, яны не вывучалі ў сваіх навучальных установах. Наведванне розных арганізацый і прадпрыемстваў узбагачае іх вопыт.

 mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая