RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мастакі-керамісты з 8 краін прымуць удзел у пленэры па кераміцы «Арт-Жыжаль»

XVI Міжнародны пленэр па кераміцы «Арт-Жыжаль» пачынае сёння працу на маляўнічым беразе Бярэзіны каля базы адпачынку «Вербкі» пад Бабруйскам, паведамілі ў Бабруйскім гарвыканкаме.

Пленэр для 21 удзельніка будзе доўжыцца 21 дзень. Тэма творчага форуму («Мастацтва як свет самавыяўлення») звяртае ўвагу на пластыку і колер у керамічнай скульптуры. Прафесійныя мастакі-керамісты з васьмі краін: Беларусі, Бразіліі, Балгарыі, Егіпта, Літвы, Малдовы, Расіі і Турцыі – у сваіх працах прадставяць спецыфічныя прыёмы і асаблівасці формаўтварэння керамічнай пластыкі, дэкаратыўную, каляровую і стылёвую разнастайнасць.

Пленэр будзе праходзіць у палявых умовах. Пад кіраўніцтвам аўтара ідэі і галоўнага арганізатара пленэра, вядомага беларускага мастака-кераміста Валерыя Калтыгіна ўдзельнікі арганізуюць свае працоўныя месцы, будуць будаваць печы для абпалаў, нарыхтоўваць дровы і праводзіць абпалы. Фармоўка вырабаў у гліне і шамотнай масе будзе весціся толькі спосабамі ручной лепкі. Як і заўсёды, тут будуць адпрацоўвацца традыцыйныя тэхналогіі абвараў і дымлення з актыўным выкарыстаннем аксідаў, соляў, глазуры, праводзіцца эксперыменты з ангобамі, прымяняцца новыя крэатыўныя тэхналогіі.

Палявыя ўмовы правядзення пленэраў прымушаюць строга прытрымлівацца некаторых стылістычных асаблівасцей у працы з глінай. Як правіла, гэта абагульненыя малыя формы, амаль пазбаўленыя дэталей і празмернасцей. Уся ўвага мастака засяроджваецца на працы з фактурай, гладкімі, матавымі паверхнямі, на вобразным, стрыманым каляровым рашэнні. Немагчымасць паўтору, тыражавання, самакаштоўнасць мастацкага рашэння робяць гэтую кераміку па-свойму ўнікальнай, сучаснай, зусім непадобнай на звыкла-яркую сувенірную прадукцыю. Энергія агню, зямлі, паветра, вады і таленту мастака нараджаюць якасна іншую кераміку, якая патрабуе няспешнага, засяроджанага разглядання і выклікае захапленне ў аматараў сапраўднага мастацтва.

У праграме не толькі індывідуальная праца керамістаў, але і стварэнне вялікай скульптуры, сапраўднае шоу абпалу якой адбудзецца ў адзін з апошніх вечароў мерапрыемства. Пройдуць тэматычныя майстар-класы, вечары нацыянальных культур і прэзентацыі, якія даюць поўнае ўяўленне пра творчасць удзельнікаў.

Для гасцей прадугледжана аглядная экскурсія па Бабруйску з наведваннем краязнаўчага музея, знаёмства з пастаяннай экспазіцыяй Бабруйскага мастацкага музея «Творчасць мастакоў Бабруйска другой паловы ХХ – пачатку ХІХ стагоддзя», выставай жывапісу і керамікі члена Беларускага саюза мастакоў Анатоля Канцуба «Скрозь час», музейнай экспазіцыяй мінералаў і горных парод «Жывапіс Зямлі».

Фінальным акордам пленэра стане выстава «Мастацтва жывога агню», якая адкрыецца 6 жніўня ў Бабруйскім мастацкім музеі, а затым будзе экспанавацца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску і Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава.

Арганізатарамі пленэру з’яўляюцца Магілёўскі аблвыканкам і Бабруйскі гарвыканкам.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая