RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мерапрыемства з удзелам ветэранаў экспертна-крыміналістычнай службы адбылося ў Магiлёўскiм раёне

Ветэраны і дзеючыя супрацоўнікі ў адным страі – ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 105-годдзю экспертна-крыміналістычнай службы.

Сустрэчы ветэранаў экспертна-крыміналістычнай службы ў Магілёўскім упраўленні ДКСЭ праводзяць штогод 1 сакавіка – дата лічыцца днём утварэння службы на постсавецкай прасторы і прафесійным святам крыміналістаў. Кожны раз мерапрыемства для ветэранаў праходзіць вельмі цёпла і радасна – гэта і ўшанаванне былых супрацоўнікаў, якія прысвяцілі большую частку жыцця крыміналістыцы, і магчымасць для іх пабачыць і пагутарыць адзін з адным, абмеркаваць прафесійныя тэмы з цяперашнімі іх паслядоўнікамі.

У бягучым годзе, улічваючы знакавую дату для нашай краіны – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – вырашана правесці традыцыйную ветэранскую сустрэчу ў фармаце ўрачыстага мерапрыемства з удзелам супрацоўнiкаў упраўлення ў месцы, якое з'яўляецца святым для ўсіх афіцэраў Магілёўскага рэгіёна, – мемарыяльным комплексе «Батальён міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава».

Кіраўніцтва ўпраўлення і ветэраны ўсклалі кветкі ў памяць пра абаронцаў Радзімы. У ліпені 1941 года, калі вораг хутка захопліваў беларускую зямлю, тут – каля вёскі Гаi Магілёўскага раёна – яго сустрэў зводны батальён міліцыі пад камандаваннем капітана Канстанціна Уладзімірава. Шэсць сутак, без ежы і вады, пад гарачым сонцам, байцы трымалі абарону на вышыні. Уся яна была пераарана варожымі мінамі і снарадамі, з кожным боем жывых байцоў станавілася ўсё менш. У апошнюю атаку на ворага капітан Уладзіміраў, паранены ў галаву і ногі, падняў міліцыянтаў крыкам «Памром за Радзіму!» З 118 чалавек выжылі толькі 19, загінуў і сам камандзір, але вышыню – не здалі.

Звяртаючыся да строю, намеснік начальніка ўпраўлення палкоўнік юстыцыі Андрэй Чарчук прызнаўся, што для яго вельмі хвалююча знаходзіцца тут яшчэ і па асабістай прычыне: роўна 23 гады таму ў гэтым мемарыяльным комплексе ён прыняў Прысягу. Андрэй Міхайлавіч павіншаваў прысутных са 105-годдзем экспертна-крыміналістычнай службы, падзякаваў за служэнне Айчыне і з гонарам адзначыў, што маладому пакаленню афіцэраў ёсць на каго раўняцца і што абараняць. У завяршэнне сваёй прамовы ён пажадаў усім мірнага неба.

З рук намесніка начальніка ўпраўлення як дзеючыя супрацоўнікі, так і ветэраны атрымалі ўзнагароды, у тым ліку памятныя нагрудныя знакі «10 год Дзяржаўнаму камітэту судовых экспертыз».

Ад імя ветэранаў да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыня сходу ветэранаў упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці палкоўнік міліцыі запасу Андрэй Анатольевіч Шабалін і заклікаў афіцэраў памятаць подзвігі нашых продкаў і перадаваць гэтую памяць наступным пакаленням.

Завяршылася мерапрыемства выкананнем песні «Судовыя эксперты – за ісціну ў бой!»

Ірына Рачкоўская, афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая