RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міхаіл Русы правёў прыём грамадзян у Дрыбінскім райвыканкаме

Правядзенне прыёмаў грамадзян - гэта добрая практыка работы ўсіх органаў дзяржкіравання і гаспадарання з насельніцтвам. Такое меркаванне выказаў Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы падчас правядзення прыёму грамадзян у Дрыбінскім райвыканкаме.

Як зазначыў Міхаіл Іванавіч, «незалежна ад таго буйны гэта ці маленькі горад, заўсёды ёсць людзі і іх праблемы. Чалавек мае права звярнуцца, і яму павінны ўсё растлумачыць».

Канешне, кожны прыём па-свойму адрозніваецца. Тут, у Дрыбіне, напрыклад, да Міхаіла Русага вырашылі звярнуцца пяць грамадзян. Прычым пераважна з Магілёва і Горак.

Так, магілёўскую прадпрымальніцу да Старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні прывяло пытанне, якое датычыцца яе аб'екта прадпрымальніцтва і яго закрыцця.

А вось муж і жонка з Магілёва пры высяленні з аварыйнага арэнднага жылля былі пераселены, па іх словах, у дрэнна прыдатную для пражывання кватэру. Каб разабрацца ў сітуацыі Магілёўскаму гарвыканкаму будзе дадзена даручэнне вывучыць прыдатнасць выдзеленага жылля да пражывання і, калі спатрэбіцца, падабраць з фонду арэнднага жылля больш прымальную жылплошчу.

З Горак на прыём прыехала былая выкладчыца акадэміі па пытанні аднаўлення на працы. Жанчына лічыць, што яе неправамерна звольнілі, і абыйшла ўжо нямала інстанцый, аж да суда. Як адзначыў Міхаіл Русы, згодна з прадстаўленымі дакументамі законнасць гэтага пытання выканана. Калі ў жанчыны, якая звярнулася, ёсць жаданне працаўладкавацца, то ёй дапамогуць. Але жанчына жадае іншага рашэння яе пытання.

Грашовае забеспячэнне акцый аднаго з прадпрыемстваў Жыткавіцкага раёна і скажэнне статыстычнай справаздачнасці яго фінансавай дзейнасці за некалькі гадоў паслужылі падставай для сустрэчы з Міхаілам Русым аднаго з акцыянераў прадпрыемства.

Занепакоенасць лёсам і далейшым развіццём Дрыбінскага раёна прывяла да Міхаіла Русага аднаго з мясцовых жыхароў. Як адзначыў Міхалі Іванавіч, Кіраўніком нашай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам пастаўлена дакладная задача па захаванні раёнаў. Гэта ён абазначыў на VI Усебеларускім народным сходзе, гаворачы аб развіцці эканомікі нашай краіны праз развіццё рэгіёнаў. А значыць раён і надалей будзе існаваць і развівацца.

У гэты ж дзень Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні наведаў гандлёвыя аб'екты мясцовага райспажыўтаварыства для вывучэння асартыменту тавараў і цэн, а таксама сустрэўся з прадстаўнікамі спажывецкага таварыства і філіяла ААТ «Бабулін гладыш».

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая