RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка і міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Міхаіл Кацюкоў азнаёміліся з вучэбна-лабараторным корпусам БРУ

Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка і міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Міхаіл Кацюкоў сёння азнаёміліся з вучэбна-лабараторным корпусам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

Госці наведалі выставу навукова-даследчых і інавацыйных распрацовак ВНУ. Міністрам таксама прадэманстравалі магчымасці новых лабараторый тэхналагічнага абсталявання, плазменных тэрмамеханічных, зварачных і адытыўных тэхналогій. Прыборы для іх аснашчэння паступілі ў корпус у межах рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы «Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на базе інавацыйных тэхналогій», аб чым з гэтага часу сведчыць памятная шыльда ў холе будынка. Праект рэалізуецца ў ВНУ з 2018 года. Ён разлічаны на 3 гады і служыць дасягненню мэтаў і задач Саюзнай дзяржавы, у прыватнасці, стварэнню адзінай навукова-тэхналагічнай і адукацыйнай прасторы.

«Прыемна бачыць, што ўніверсітэт дынамічна развіваецца, – адзначыў Міхаіл Кацюкоў. – У межах магчымасцей Саюзнай дзяржавы сёння мы знаходзім рэсурсы для ўдасканалення прыборнай базы БРУ, якая стане імпульсам у развіцці ўніверсітэта ў цэлым. Выходзячы на рынак працы, выпускнік павінен быць гатовы да прад’яўленых выклікаў і патрабаванняў. І калі мы ў працэсе навучання забяспечым прыборы, на якіх працуюць сучасныя індустрыяльныя кампаніі, гэта дасць студэнтам неабходныя кампетэнцыі і веды, дазволіць фарміраваць практыка-арыентаваныя адукацыйныя праграмы».

Як паведаміў намеснік Дзяржаўнага сакратара – член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Салаўёў, на абсталяванне тэхнічных лабараторый Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ўжо накіравана каля 150 млн. расійскіх рублёў. «Спадзяюся, на гэтым мы не спынімся, і будзем далей знаходзіць магчымасці для фінансавання развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ. Мы павінны думаць аб будучыні, нашай моладзі і аб тым, каб моладзь магла атрымаць якасную профільную адукацыю», – сказаў ён.

Сёння Беларуска-Расійскі ўніверсітэт – добры прыклад стварэння адзінай адукацыйнай прасторы дзвюх краін. Тут вучыцца больш за 5 тыс. студэнтаў. Дзясятая частка – па адукацыйных стандартах РФ. У ВНУ рыхтуюць спецыялістаў у галіне машынабудавання, аўтамабілебудавання, будаўніцтва, энергетыкі, мехатронікі, робататэхнікі, для IT-сферы, будаўніцтва АЭС, па абслугоўванні электрамабіляў. А ўведзены ў эксплуатацыю ў канцы мінулага года корпус, дзе размяшчаецца 30 лабараторый, паступова становіцца інавацыйным цэнтрам навуковых распрацовак і ўкаранення іх у вытворчасць. «Адытыўныя, плазменныя, тэрмамеханічныя і зварачныя тэхналогіі – гэта вельмі перспектыўныя кірункі, – адзначыў рэктар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Міхаіл Лусцянкоў. – Да таго ж, распрацоўкі ў гэтых сферах карыстаюцца высокім попытам у спажыўцоў, перш за ўсё ў прамысловасці. Гэта значыць, мы разлічваем атрымаць для ВНУ яшчэ і значны эканамічны эффект».

Падчас візіту адбылася сустрэча міністраў з прадстаўнікамі студэнцкай моладзі БРУ, на якой таксама прысутнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. Студэнты змаглі задаць высокім гасцям пытанні аб працы будатрадаў, размеркаванні пасля атрымання вышэйшай адукацыі і ўвазе да студэнцкага спартыўнага руху.

Акрамя таго, студэнты спыталі ў Дзмітрыя Мезенцава пра яго ўражанні ад знаходжання ў нашай краіне. «У супрацоўнікаў пасольства, гандлёвага прадстаўніцтва і глабальных расійскіх кампаній, якія маюць прадстаўніцтва ў Беларусі, аднолькавае адчуванне, што мы сярод блізкіх і родных людзей. Адчуванне, што мы працуем у сістэме ўзаемаразумення і таварыства, нават калі ўзнікаюць змястоўныя прафесійныя спрэчкі ў межах шэрагу напрамкаў і па саюзнай інтэграцыі, – адзначыў кіраўнік расійскай дыпмісіі. – Гэта камфортны, цёплы і надзейны дом, дзе чыста і дзе табе гатовыя працягнуць руку, прапанаваць дапамогу, калі яна табе патрэбна. Тут жывуць гордыя, прафесійныя і адукаваныя людзі, якія дакладна ведаюць цану сабе і сваёй краіне».

Узнімалася падчас дыялогу і пытанне магчымасці ўдзелу Магілёва ў Саюзнай акцыі «Цягнік памяці і славы», прымеркаванай да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Дарэчы, сёння ў магілёўскай гарадской ратушы адбылося пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы гэтага праекта, які накіраваны на тое, каб успомніць першы эшалон пераможцаў, які прыбыў у Маскву 21 ліпеня 1945 года. «Пакуль плануецца, што праект будзе прымеркаваны менавіта да гэтай падзеі. Цягнік пройдзе ад заходняй мяжы і да ўсходу, падкрэсліваючы значнасць вялікай краіны, якая перамагла ў вельмі цяжкай вайне», – патлумачыў Ігар Карпенка. Цягнік звяжа Брэст, Мінск, Оршу і расійскія гарады воінскай славы і тылу, у ліку якіх Масква, Смаленск, Новасібірск, Уладзівасток. На кожным прыпынку будуць закладвацца памятныя таблічкі, праводзіцца сустрэчы з гасцямі, тэматычныя мерапрыемствы, канцэрты, паказ фільма «Ільінскі рубеж», ажыццяўляцца зносіны з акцёрамі і рэжысёрам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая