RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міжнародны тэлемост на тэму патрыятычнага выхавання моладзі прайшоў у Магілёўскім аблвыканкаме

Міжнародны тэлемост звязаў сёння Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў з прадстаўнікамі органаў муніцыпальных утварэнняў Хабараўскага краю пры Заканадаўчай Думе Хабараўскага краю. На сумесным пасяджэнні бакі абмеркавалі развіццё ў рэгіёне сістэмы патрыятычнага выхавання маладых грамадзян. Вопытам работы па патрыятычным выхаванні моладзі ў Магілёўскай вобласці з расійскімі калегамі падзялілася старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык.

Яна падкрэсліла, што дэпутацкім корпусам у цесным узаемадзеянні з грамадскімі аб'яднаннямі, Маладзёжным парламентам пры аблсавеце дэпутатаў, пры падтрымцы органаў выканаўчай улады рэгіёну, праводзіцца сістэмная работа, накіраваная на патрыятычнае выхаванне моладзі, фарміраванне ў маладога пакалення пачуцця гонару за гераічнае мінулае сваёй краіны, адказнасці за будучыню. А таксама расказала аб інфармацыйна-адукацыйных, патрыятычных маладзёжных праектах, пошукавай рабоце, акцыях, фестывалях і іншых мерапрыемствах, што рэалізуюцца на Магілёўшчыне.

Тэма патрыятычнага выхавання моладзі з'яўляецца адным з ключавых напрамкаў у рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады, па правядзенні ў 2023 годзе мерапрыемстваў Года міру і стварэння. Мір на зямлі немагчымы без гістарычнай памяці, а стварэнне – гэта пераемнасць гістарычнага шляху, крок у будучыню. Менавіта такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу», - паінфармавала Ірына Раінчык.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса Магілёўшчыны выказала меркаванне аб неабходнасці пашыраць узаемадзеянне Магілёўскай вобласці і Хабараўскага краю ў пытаннях патрыятычнага выхавання, укараняць у практыку супрацоўніцтва анлайн-канферэнцыі з удзелам маладых парламентарыяў, прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя. І прапанавала разгледзець пытанні аб аказанні сістэмнай падтрымкі і інфармацыйнага суправаджэння агульным маладзёжным ініцыятывам у сферы патрыятычнага выхавання, добраахвотніцтва, а таксама пошукавага руху.

«Мы шчыра зацікаўлены ў далейшым развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ўмацаванні міжпарламенцкіх сувязей. Узаемадзеянне паміж рэгіёнамі, якія маюць непаўторныя традыцыі і гісторыю, прыўнясе вялікі ўклад у жыццё нашых рэгіёнаў, паслужыць фундаментам для фарміравання ў моладзі пачуцця пераемнасці гістарычнага шляху і патрыятызму», - рэзюмавала яна.

Выказалі сваю зацікаўленасць і прадстаўнікі расійскага боку, падзякаваўшы Ірыне Раінчык за выступленне. Так, старшыня Заканадаўчай Думы Хабараўскага краю, старшыня Савета старшыняў прадстаўнічых органаў муніцыпальных утварэнняў Хабараўскага краю пры Заканадаўчай Думе Хабараўскага краю Ірына Зікунава адзначыла: «Ваша паведамленне мы слухалі з непадробнай увагай і ўжо загарэліся ідэяй рэалізаваць падобныя праекты ў нас. Так, напрыклад, "Школа Актыўнага Грамадзяніна", на наш погляд, выконвае важную сёння задачу дыялогу пакаленняў, перадачы каштоўнасцей ад старэйшых прадстаўнікоў, выхаваных на прыкладзе і вопыце подзвігу нашых народаў у Вялікай Айчыннай вайне, абароне міру ад нацызму. Гэта цудоўная пляцоўка, якая забяспечвае блізкасць розных пакаленняў людзей. У нас ёсць падобныя рашэнні, дзе такі дыялог ажыццяўляецца, але яны не дзейнічаюць на сталай аснове, з добрым, рытмічным ахопам шырокай аўдыторыі. Таму досвед Магілёўскай вобласці для нас важны. Мы цэнім нашае супрацоўніцтва і гатовыя яго ўмацоўваць».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая