RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Моладзь Магілёўшчыны дзеліцца ўражаннямі ад удзелу ў сусветным фестывалі ў Сочы

Магілёўская вобласць прымае ўдзел у Сусветным фестывалі моладзі ў Сочы. Каля 60 маладых людзей у складзе беларускай дэлегацыі ў гэтыя дні пагрузіліся ў работу маштабнай пляцоўкі дыялогавых культур. У складзе групы - студэнты, прадстаўнікі валанцёрскага цэнтра, маладыя навукоўцы, члены грамадскіх аб'яднанняў БРСМ і БРПА, працуючая моладзь. У цэлым форум сабраў каля 20 тыс. удзельнікаў. Ён праходзіць у Сочы з 1 па 7 сакавіка. Для моладзевых лідэраў - гэта ўнікальная магчымасць пачатку новага сяброўства і ўзаемнага ўзбагачэння культурамі і традыцыямі розных народаў, абмену думкамі, адкрытай гутаркі і сумесных намаганняў па ўмацаванні сяброўскіх сувязяў і супрацоўніцтва.

Пры знаёмстве рабяты абменьваліся Чабурашкамі, якія як сімвал фестывалю атрымалі ўсе яго ўдзельнікі. Пры гэтым, мяккім цацкам кожны загадзя дадаў нацыянальны каларыт. Масавы абмен адбыўся 4 сакавіка ў рамках ранішняга шоу на плошчы «Душа Расіі». Адкрыццё фестывалю было яркім і запамінальным. Гледачы ўбачылі маляўнічае тэатралізаванае шоу. У шэсці моладзі свету прынялі ўдзел 6 тысяч прадстаўнікоў розных краін. Таксама на фестывалі прадстаўлены пляцоўкі па розных напрамках: культура, адукацыя, спорт, тэхналогіі і інш.

Адной з удзельніц фестывалю стала студэнтка 3 курса факультэта эканомікі і права МДУ імя А.А. Куляшова, старшыня Моладзевага парламента пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў Дзіяна Камарова: «Сусветны фестываль моладзі – гэта магчымасць пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных краін свету і ў абсалютна розных сферах, абмяняцца досведам, расказаць пра сваю краіну і пачуць шмат новага пра іншыя краіны. Праграма фестывалю вельмі насычаная. Уразіў міжнародны мол «Арт. Маладосць» - гэта дзіўная пляцоўка для моладзі, якая ўразіла сваёй маштабнасцю.

У кожнага ёсць магчымасць наведаць працу кірмашовай прасторы, выставы арт-аб'ектаў, майстар-класы, інтэрактыўныя гульні і шматлікае іншае. Беларусь усюды сустракаюць з цяплом і асаблівай любоўю. І мы, моладзь Магілёўскай вобласці, з гонарам прадстаўляем сваю краіну на міжнародным узроўні. А веды і досвед, набытыя тут, абавязкова ўвасобяцца ў новых моладзевых праектах на Магілёўшчыне».

Падзяліўся ўражаннямі і студэнт 4 курса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Антон Дземянчук. Малады чалавек на фестывалі прадстаўляе беларускія студэнцкія атрады, паколькі з'яўляецца майстрам вытворчага праекта:

«На фэсце была магчымасць падаць заяўку на ўдзел у выбарах каманды ўпраўлення Горада моладзі свету. Каманды прадстаўлялі сваё бачанне развіцця горада і праекты, накіраваныя на міжнароднае супрацоўніцтва. Кожная складалася з лідэраў па напрамках экалогіі, навукі і адукацыі, спорту, мастацтва, IT, медыя, турызму і падарожжаў, дабрачыннасці, грамадскай дзейнасці, прадпрымальніцтва.

Прайшоў адбор у другі этап, затым, выканаўшы заданне, патрапілі на фінальны этап. Я і яшчэ 89 хлопцаў з розных краін падзяліліся на каманды і пачалі сваю працу па агітацыі. У галасаванні, якое праходзіла анлайн і афлайн наша каманда Madhu сity заняла другое месца, саступіўшы першаму ўсяго 500 галасоў.

Праграма насычаная, эмоцыі перапаўняюць, хочацца пашырыць колькасць гадзін у сутках, каб на ўсё хапіла».

Юлія Таранава, фота ўдзельнікаў фестывалю

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая