RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Моладзевы марафон «75» прыбыў у Магілёўскую вобласць

Моладзевы марафон «75», прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прыбыў сёння ў Магілёўскую вобласць.

Удзельнікі патрыятычнага праекта калонай рэтрааўтамабіляў і матацыклаў прайшлі да мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» ў Магілёўскім раёне. Тут адбыўся мітынг з ускладаннем кветак, а таксама прэзентацыя палотнішча «Беларусь памятае!» з вышытымі імёнамі герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы. На палотнішчы памерам 4,5х2,15 м размешчаны 124 прозвішчы ўраджэнцаў рэгіёна.

«Той факт, што мы сустракаемся на гэтым святым месцы, сімвалічны не толькі для жыхароў Магілёўскай вобласці, але і для ўсяго беларускага народа, – адзначыла намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў Святлана Шутава. – Менавіта тут байцы Чырвонай Арміі, апалчэнцы праявілі нябачаны гераізм, стойкасць і патрыятызм. І сёння наша з вамі задача – памятаць тых, хто цаной уласнага жыцця заваяваў для нас перамогу, шанаваць памяць аб іх».

Гонар несці палотнішча з імёнамі герояў выпаў і навучэнцам Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. «У нас узнікае пачуццё гонару і вялікай адказнасці за тое, што нам даверылі дакрануцца да імён тых, хто ўпісаны залатымі літарамі ў гісторыю нашай Радзімы, хто праявіў бяспрыкладны гераізм і мужнасць у гады вайны, – адзначыў навучэнец каледжа Канстанцін Купрэеў. – Дзякуючы такім мерапрыемствам мы больш даведаемся аб нашай гісторыі, героях свайго часу. Мы вучымся ў іх любіць сваю Айчыну і быць патрыётамі краіны».

Удзельнік гісторыка-патрыятычнага клуба «За савецкую радзіму» з Магілёва Аляксандр Башарымаў прыбыў сюды на асабістым рэтраматацыкле М72М (савецкі цяжкі матацыкл), які стылізаваў пад ваенны. «Я ўжо не першы раз удзельнічаю ў такіх акцыях і лічу, што яны аб’ядноўваюць людзей, падштурхоўваюць да зносін, з’яўляюцца своеасаблівай формай выхавання маладога пакалення ў духу патрыятызму і любові да сваёй Радзімы, – упэўнены Аляксандр. – Гэта можа падштурхнуць моладзь да таго, каб знайсці сябе ў грамадстве і рэалізаваць свой патэнцыял, хай нават захапіўшыся гістарычнай рэканструкцыяй».

Напрыклад, наступным маштабным мерапрыемствам, у якім Аляксандр Башарымаў прыме ўдзел, стане 28 чэрвеня рэканструкцыя гістарычных падзей у Магілёве. Ён са сваімі сябрамі будзе арганізоўваць бой па вызваленні Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у якім будуць прымяняцца розныя спецэфекты і шумавая зброя.

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання загінулых у гады вайны воінаў Чырвонай Арміі. А затым у кінатэатры «Радзіма» абмеркавалі актуальныя тэмы падчас адкрытага дыялогу «Беларусь памятае!». Працягнуў праграму марафон опэн-эйр «Кветкі Вялікай Перамогі».

Арганізатарамі моладзевага марафону «75» выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Федэрацыя прафсаюзаў, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пры падтрымцы Беларускай чыгункі і іншых зацікаўленых.

Тэкст – БЕЛТА

Фота – уласныя

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая