RU BY EN 中文
Twitter Instagram

МУС расказала аб асноўных схемах падману вакол інфармацыі з каранавірусам

Ва ўпраўленні па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС папярэдзілі, што ў Беларусі пачынаюць актывізавацца аферысты, якія выкарыстоўваюць у сваіх схемах інфармацыю аб каранавірусе. Пра гэта ў Telegram-канале паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.

Аб першым выпадку падману аператыўнікі даведаліся ад жыхара Мінскай вобласці. Невядомыя прасілі яго перавесці грошы ў фонд дапамогі беларусам, якія праз каранавірус нібыта не могуць вярнуцца на радзіму. Мужчына не паверыў тэлефоннаму абаненту і звярнуўся ў міліцыю. «Пакуль для Беларусі такія просьбы–хутчэй выключэнне, чым правіла. А вось у суседніх дзяржавах ашуканцы ўжо не першы дзень выкарыстоўваюць эпідэміялагічную абстаноўку для ажыццяўлення кіберзлачынстваў. У гэтай сувязі мы звяртаем увагу на некалькі злачынных схем, якія могуць быць апрабаваны ў нашай краіне», – расказаў намеснік начальніка ўпраўлення «К» МУС Кірыл Вяткін.

Паводле яго слоў, часцей за ўсё аферысты выкарыстоўваюць тэлефонныя званкі. Прадстаўляючыся супрацоўнікам дзяржорганаў, абанент спасылаецца на выдуманы дакумент, які прадугледжвае разавыя выплаты насельніцтву для супрацьдзеяння каранавірусу (набыццё масак, тэстаў). Для залічэння дапамогі ў ахвяры просяць паведаміць нумар банкаўскай карты, пасля чаго выкрадаюць з яе грошы. Таму нікому і ніколі нельга паведамляць персанальныя даныя банкаўскай карты.

Яшчэ адна схема падману–стварэнне лжэсайтаў па продажы тэстаў на распазнаванне каранавіруса. Спасылку на фальшыўку адпраўляюць карыстальніку на электронную пошту. Ашуканцы прапануюць аплаціць паслугу і абяцаюць, што пасля гэтага кур’ер даставіць тавар. З дапамогай банкаўскай карты кліент аплачвае пакупку, аднак на самай справе ў яго папросту спісваюцца грошы. У дадатак зламыснікі завалодваюць персанальнымі данымі карт-рахунку, што ў далейшым таксама пагражае крадзяжом грошай. МУС раіць пазбягаць старонніх сайтаў і тым больш не ажыццяўляць на іх якія-небудзь аперацыі па аплаце.

Акрамя таго, ідзе рассылка на электронныя скрыні лістоў нібыта ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У пасланні ўтрымліваецца спасылка на статданыя па сітуацыі з каранавірусам у Беларусі і рэкамендацыі па супрацьдзеянні інфекцыі. Пры націску на яе актывізуецца шкоднасная праграма, якая блакіруе функцыянал камп’ютара і патрабуе пераводу грошай на рахунак злачынца. Каб не трапіць у такі нерат, не варта давяраць падобным лістам.

Ва ўпраўленні «ДА» МУС папярэджваюць: не трэба верыць і псеўданавінам і ілюстрацыям на злабадзённую тэму. Яны накіраваны на распаўсюджванне панікі сярод насельніцтва. Адзін з апошніх прыкладаў – фэйк у інтэрнэт-прасторы Беларусі. Невядомыя апублікавалі фатаграфію, апрацаваную ў фоташопе, на якой намалявана машына хуткай дапамогі і ўрачы, ад якіх нібыта ўцякае пацыент. Крыху пазней наведвальнікі знайшлі арыгінальны здымак і абверглі інфармацыю.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая