RU BY EN 中文
Twitter Instagram

МЗС Беларусі адсочвае сітуацыю з вяртаннем беларусаў з замежных паездак

Усе выпадкі складанасці вяртання на радзіму беларускіх грамадзян з замежных паездак адсочваюцца ў кругласутачным рэжыме. Пра гэта сказана ў заяве начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Анатоля Глаза ў сувязі з дадатковымі абмежаваннямі ў сумежных краінах з прычыны распаўсюджвання віруснай інфекцыі COVID-19.

«Захоўваецца складаная сітуацыя з вяртаннем на радзіму беларускіх грамадзян, справакаваная жорсткімі абмежавальнымі мерамі па ўездзе замежнікаў, уведзенымі шэрагам дзяржаў. Па сутнасці, беларусы, якія знаходзяцца сёння за мяжой, аказваюцца практычна адрэзанымі ад магчымасці вярнуцца на радзіму транзітам праз многія краіны, – адзначыў Анатоль Глаз. – Усе выпадкі адсочваюцца МЗС і замежнымі ўстановамі Беларусі ў кругласутачным рэжыме. Актыўна аказваецца садзеянне ў пошуку альтэрнатыўных маршрутаў па вяртанні на радзіму. Арганізуюцца дадатковыя наземныя шляхі дастаўкі, адпаведныя авіярэйсы «Белавія»ў выпадку неабходнасці ажыццяўляюцца больш ёмістым авіятранспартам, рэалізуюцца іншыя мерапрыемствы».

Таксама знешнепалітычнае ведамства Беларусі выказала шкадаванне з нагоды рашэння Расіі закрыць межы з Беларуссю. «Знаходзімся ў чаканні канкрэтнай афіцыйнай інфармацыі ад расійскага боку аб варыянтах і мадальнасцях імплементацыі названай меры», – адзначана ў заяве.

Між тым, рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый адправіў у МЗС афіцыйны ліст, у якім паведамляецца, што расійскія кампаніі адмаўляюцца вяртаць беларускіх турыстаў, якія знаходзяцца ў розных краінах, у расійскія аэрапорты. «Турысты не могуць вылецець з Марока, Кубы, Мексікі, Тайланда і іншых краін», – адзначылі ў РСТА з просьбай аказаць садзеянне беларускім турыстам і растлумачыць, як і куды адпраўляцца з міжнародных аэрапортаў, калі ляцець не праз Маскву.

Беларусам, якія знаходзяцца ва Украіне, рэкамендавана, з улікам магчымых мер па абмежаванні перамяшчэння ўнутры гэтай краіны, максімальна аператыўна самастойна дабірацца да найбліжэйшых пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы, дзе яны змогуць пешшу вярнуцца на радзіму да 00.01 17 сакавіка.

Акрамя гэтага, у МЗС паведамілі актуальную інфармацыю па абмежавальных мерах, якія прымаюцца рознымі дзяржавамі.

З 16 сакавіка ўводзіцца забарона на ўезд на тэрыторыю Чэхіі ўсіх замежнікаў, прычым не толькі з краін з высокай рызыкай заражэння. У той жа дзень з 18.30 да 17.00 14 красавіка будзе ўведзена надзвычайнае становішча ў Арменіі.

З 18 сакавіка на два тыдні (на гэты момант) забаронены ўезд замежных грамадзян на тэрыторыю Грузіі.

З 08.00 16 сакавіка да 1 красавіка фактычна ўведзена забарона на ўезд у Нарвегію замежнікаў, за выключэннем грамадзян Швецыі і Фінляндыі, а таксама тых, у каго ёсць від на жыхарства ў краіне.

15 сакавіка на ўсёй тэрыторыі Сербіі ўведзена надзвычайнае становішча, закрыты ўезд для ўсіх замежных грамадзян, за выключэннем тых, хто мае дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў гэтай дзяржаве.

З 17 сакавіка да 1 красавіка ў Малдове спыняюцца ўсе рэгулярныя авіяпасажырскія рэйсы, а таксама адмяняюцца міжнародныя пасажырскія чыгуначныя маршруты.

З 8.00 16 сакавіка на няпэўны тэрмін на межах Германіі з Аўстрыяй, Даніяй, Люксембургам, Францыяй і Швейцарыяй уведзены памежны кантроль.

З 16 сакавіка па 15 красавіка ў Казахстане ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. Уезд замежнікаў забаронены (толькі выезд).

З 16 сакавіка прыпынены авіяцыйныя і аўтадарожныя зносіны паміж Узбекістанам і іншымі дзяржавамі.

З 19 па 31 сакавіка прыпыняюцца авіязносіны з замежнымі дзяржавамі для ўсіх міжнародных аэрапортаў Егіпта (мадальнасці ўдакладняюцца).

МЗС раіць беларусам, якія апынуліся на тэрыторыі замежных дзяржаў, якія ўвялі абмежавальныя меры, прыпынілі авія-, чыгуначныя і/або аўтамабільныя зносіны, звяртацца па садзеянне ў пошуку альтэрнатыўных варыянтаў вяртання дадому да прадстаўнікоў туркампаній (у выпадку турыстычных паездак) і ў замежныя ўстановы Беларусі па тэлефонах экстранай сувязі.

Астатнім беларусам, якія планавалі замежныя паездкі, рэкамендуецца ўстрымацца ад іх у гэты перыяд. «Грамадзян, якія маюць неадкладную неабходнасць для выезду за мяжу, просім атрымліваць падрабязную інфармацыю аб характары і тэрмінах дзеючых абмежаванняў у адпаведных дыпламатычных прадстаўніцтвах або консульскіх установах гэтых краін», – прыводзіць Анатоль Глаз пазіцыю МЗС.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая