RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На чарговай 53 сесіі абласнога Савета дэпутатаў абмеркавалі вынікі працы прэзідыума

Чарговую пяцьдзясят трэцюю сесію Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў правяла 8 лютага старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. Удзел у ёй прынялі старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Андрэй Картун.

На парадак дня было вынесена 17 пытанняў. Сярод асноўных - справаздачы аб рабоце Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта па сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці ў 2023 годзе і выкананні бюджэту, а таксама аб выніках работы прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў у 2023 годзе.

«Традыцыйна на пасяджэнні справаздачнай сесіі абласнога Савета дэпутатаў мы падводзім вынікі працы прэзідыума. І сёння трэба адзначыць, што гэта работа была накіравана на вырашэнне асноўных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага рэгіёну. Перш за ўсё, дэпутацкі корпус працаваў з насельніцтвам - гэта наша асноўная задача. У выбарчых акругах мы выкарыстоўваем розныя формы. У тым ліку, хачу адзначыць, што за 2023 год дэпутацкім корпусам абласнога Савета было праведзена больш за дзве тысячы дыялогавых пляцовак, дзе абмяркоўваліся пытанні не толькі рэгіянальнага развіцця, а ў цэлым міжнароднай павесткі Рэспублікі Беларусь, унутранай і знешняй палітыкі нашай краіны. Для нас гэта важна, таму што ў аснову стаіць праўда, якую мы павінны даносіць да нашых грамадзян, нашага насельніцтва. У чарговы раз зарэкамендавалі сябе традыцыйныя Адзіныя дні прыёму дэпутатамі ўсіх узроўняў: абласнога, гарадскіх, раённых, сельскіх. Вельмі прыемна, што ў іх бяруць удзел і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сябры Савета Рэспублікі. Бо ўзнікаюць пытанні не толькі мясцовага значэння. Дастаткова часта грамадзяне зараз звяртаюцца з заканадаўчымі ініцыятывамі і на такіх прыёмах мы можам абмеркаваць далейшую працу па законапраектах, якія на сённяшні дзень распрацоўваюцца на ўзроўні нашага Парламента».

Таксама кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёну акцэнтавала ўвагу на яшчэ адной з асноўных задач - рабоце з моладдзю. «Мы разумеем, што яны - сучаснасць і будучыня нашай краіны. І маладзёжныя парламенты, якія створаны не толькі пры абласным Савеце дэпутатаў, а ва ўсіх рэгіёнах вобласці пры гарадскіх і раённых Саветах дэпутатаў, з'яўляюцца нашымі праваднікамі ў маладзёжным асяроддзі. Таму мы запрашаем іх на пасяджэнні сесій, прэзідыума, пастаянных камісій. Дарэчы, добра паказвае сябе практыка правядзення асноўных сесій, дзе разглядаюцца сур'ёзныя пытанні рэгіянальнага развіцця, з выездам у гэтыя рэгіёны. Мы на месцы вывучаем, як выбудоўваецца праца з насельніцтвам, у тым ці іншым рэгіёне, як вырашаюцца задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця, узаемадзеяння з органамі выканаўчай улады».

Ірына Раінчык адзначыла, што праца дэпутацкага корпуса на працягу ўсяго склікання традыцыйна была накіравана на сумесную працу з абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў: «Тут хачу адзначыць, што з кожным годам яна прырастае і сёння мы бачым, што наша асацыяцыя бярэ ўдзел не толькі ў рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятываў, але і ў пытаннях дабрачыннасці. Яскравым прыкладам з'яўляецца ўдзел у акцыі «Нашы дзеці». У рамках гэтай акцыі мы ўжо не першы год праводзім сваю акцыю «Калядная мара» – наведваем дамы сямейнага тыпу, шматдзетныя сем'і, карэкцыйныя цэнтры, дзе не толькі дорым падарункі, але і свае эмоцыі, каб дзеткі былі шчаслівыя».

На заканчэнне Ірына Раінчык падкрэсліла, што 2024 год вельмі важны ў цэлым для ўсёй нашай краіны, у гэты год пройдуць выбары дэпутатаў усіх узроўняў у новым фармаце - у Адзіны дзень галасавання. «Мы разумеем, што ад кожнага з нас, ад кожнага грамадзяніна, які прыйдзе на ўчасткі для галасавання, залежыць будучае развіццё нашага Прыдняпроўскага краю і нашай краіны», - рэзюмавала яна.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая