RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На карысць горада і людзей: каля 20 тыс. чалавек выйшлі на ўборку наступстваў непагадзі ў Магілёве

Сёння ў Магілёве кіпіць праца - каля 20 тыс. чалавек выйшлі на ўстараненне наступстваў навальнічнага фронту, які прайшоў ноччу 10 ліпеня.

З асноўнымі наступствамі разгулу стыхіі ў абласным цэнтры ўжо справіліся, засталося навесці парадак.

Прадстаўнікі абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, калектывы прадпрыемстваў і ўстаноў, жыхары горада ўсіх узростаў сёння дапамагаюць наводзіць парадак у родным горадзе. Паводле папярэдніх звестак, у горадзе працуюць каля 20 тыс. чалавек: распілоўваюць і прыбіраюць дрэвы, якія ўпалі, расчышчаюць вуліцы і двары ад галін і наноснага смецця. Працы хапае ўсім.

Старшыня прафкама першаснай прафсаюзнай арганізацыі «Магілёўзелянбуд» Алеся Несцерава працуе разам з калектывам ля парка на праспекце Пушкінскім. «З самай раніцы працуе адміністрацыя прадпрыемства, усе аддзелы. Спачатку зграбалі, зараз прыбіраем апалае галінкі і звозім. Будзем працаваць увесь дзень. Учора працавалі ў раёне аблвыканкама, - распавяла яна. - Такога разгулу стыхіі ў Магілёве не было ніколі, я працую ў «Зелянбуде» 25 гадоў, не памятаю такога. Тут саматугам мы не зладзімся. На бульвары Непакораных ляжаць усе дрэвы да адзінага. Рабілі парадак да свята горада, крыўдна, што Пушкінскі сквер толькі скончылі, толькі адкрылі, і такія сур'ёзныя страты нанесены. Таму дапамога важная для кожнага чалавека. Баявы настрой не губляем, павінны навесці парадак! Працы і ў будучыні нам хопіць».

Магіляўчанка Алена Савіч таксама не засталася ў баку ад суботніка – разам з калектывам працуе на тэрыторыі прадпрыемства «Магілёўхімвалакно». На раніцу пасля ўрагану гараджанка не магла даведацца Магілёў. «Сёння ўсе людзі аб'ядналіся, аб'ядналі свае намаганні, згуртаваліся для таго, каб ліквідаваць як мага хутчэй наступствы стыхіі, як мага хутчэй прывесці наш любімы горад Магілёў у прыгожы выгляд, такі, які мы прывыклі бачыць, - падзялілася яна. - Кожны прынёс з сабой інвентар, усё, што маглі: хтосьці з пілой, хтосьці з граблямі і рыдлёўкамі. Ніхто не застаўся абыякавым да нашай агульнай бяды».

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў падзякаваў неабыякавым жыхарам горада і раённым цэнтрам, усім службам, задзейнічаным у ліквідацыі наступстваў удараў стыхіі. «У горадзе працягвае дзейнічаць рэжым надзвычайнай сітуацыі. Самае вострае пытанне - энергазабеспячэнне горада і індывідуальнай жылой забудовы ў прыватнасці - у цэлым вырашана. Задача на найбліжэйшыя дні: ачыстка вуліц, двароў, тэрыторый дзіцячых садоў і школ. Правядзем здымку горада з паветра, каб больш дакладна разумець маштаб праблемы і пашкоджанняў. Па-ранейшаму заклікаю ўсіх, хто не заняты на вытворчасці і на працоўных месцах, выйсці на вуліцы, вызваліць дваровыя праезды, самі двары, навесці парадак у нашым родным горадзе!».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая