RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На Магілёўшчыне кааператары закупляюць у насельніцтва плодаагароднінную і дзікарослую прадукцыю

У Магілёўскай вобласці ідзе закупка ў насельніцтва садавінагароднінай і дзікарослай прадукцыі: прадпрыемствы спажыўкааперацыі задзейнічалі для гэтага 122 нарыхтоўчыя пункты, 746 гандлёвых аб'ектаў, 152 нарыхтоўшчыкі. Але сёлета па лясных дарах ёсць нюансы. Лісічкі насельніцтва збірае і для сябе, і на продаж, а чарніцы, па якіх рэгіён звычайна ў лідэрах у краіне, нарыхтоўшчыкам не прынеслі яшчэ нават шклянкі. Хаця прыняць яе кааператары гатовыя з 2 ліпеня — па кошце 9 рублёў за кілаграм.

Начальнік упраўлення прамысловасці, нарыхтовак і знешне-эканамічнай дзейнасці Магілёўскага аблспажыўсаюза Арцём Прыжкоў удакладняе:

- Сітуацыя такая з чарніцамі склалася ў сілу аб'ектыўных абставін. Па вясне былі замаразкі, увесь чэрвень у вобласці ішлі зацяжныя дажджы, вось і не выспела - ёй жа трэба сонца. У планах на гэты год нарыхтаваць гэтай чорнай лясной ягады 170 тон. Выканаць яго зможам, калі надвор'е паспрыяе. Праблема яшчэ і ў тым, што сёння ў многія лясы, напрыклад у Магілёўскім раёне, не пайсці з-за нядаўняга ўрагану і бураломаў.

Па словах Арцёма Аляксеевіча, лепш ідуць справы з лісічкамі, якіх жыхары вобласці здалі ім 1 тону 690 кілаграмаў. У плане прыняць у насельніцтва 20 тон грыбоў.

Па астатняй ягадзе сітуацыя такая: суніцы кааператары набылі 112 тон, чорнай парэчкі - 39 тон, агрэста - 930 кілаграмаў. Усяго культурныя ягады і яблыкі нарыхтавалі ўжо больш за 456 тон пры плане на год 7 тысяч 700 тон.

Бяруць кааператары і гародніну: прынялі больш за 465 тон агуркоў, у тым ліку ад насельніцтва больш за 200, 482 тоны капусты (ад насельніцтва - 405), каля 970 тон бульбы (ад насельніцтва - 470).

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая