У 39 школах Магілёўскай вобласці праходзіць сёлета капітальны рамонт
На падрыхтоўку школ вобласці да новага навучальнага года выдаткавана каля Br68 млн. Капітальная рэнавацыя запланавана ў 39 установах адукацыі, у мінулым годзе такіх было 17. А касметычныя рамонты пройдуць ва ўсіх школах.
Капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі - падарунак Усходаўскай сярэдняй школе ў Магілёўскім раёне да 25-гадовага юбілею. Дырэктар Святлана Трафімава называе працы «поўнай перазагрузкай»:
- Змяняем дах, усе вокны і дзверы,адмостку будынка і ліўнеўкі, супрацьдымныя дзверы ў калідорах. Галоўныя патрабаванні - бяспека і камфорт. Спартзала абнаўляецца цалкам: распранальні з душавымі, дадатковае асвятленне, антытраўматычнае гамагеннае пакрыццё на падлогу. У нашай спартзале займаюцца і бацькі вучняў, праходзяць раённыя спаборніцтвы.
Асаблівы гонар - першы ў раёне STEM-цэнтр, пад яго выдзелены цэлы паверх. Святлана Трафімава дэманструе адукацыйны праект раённага маштабу:
- Гэта сучасная лабараторыя для кабінетаў хіміі, біялогіі і фізікі з унутраным калідорам і шклянымі перагародкамі. Да нас будуць прыязджаць іншыя школы для правядзення даследчых і лабараторных работ, пры падрыхтоўцы да алімпіядаў. 1 верасня чакаем 380 вучняў, набіраем два класы першаклашак.
У адным Магілёўскім раёне капітальны рамонт закрануў пяць школ. У аддзеле адукацыі адзначаюць, што такі маштаб работ - упершыню за апошнія гады, раней абмяжоўваліся бягучымі рамонтамі. У школы раёна прыйшлі сем новых аўтобусаў, чакаюць яшчэ адзін з пад'ёмнікам для вучняў з абмежаваннямі ў фізічным развіцці.
Ва ўсіх школах Магілёва, Бабруйска і Магілёўскага раёна мяняюць старыя вокны. Кошт пытання толькі для адной школы № 39 у абласным цэнтры - каля Br750 тыс. У кабінетах ужо красуюцца новенькія шклопакеты, а ў спартзале будаўнікі яшчэ дэмантуюць вялізныя вокны. Такім чынам вырашаецца праблема энергазберажэння, тлумачыць дырэктар установы Аляксандр Салавей.
- Школа 1 верасня адзначае 35 гадоў. Старыя драўляныя рамы складана было ўцяпляць кожны сезон, у спартзале зімой было халаднавата. У найбліжэйшых планах замяніць усе аварыйныя выхады і міжкалідорныя дзверы. Да новага навучальнага года атрымалі кабінет біялогіі пад ключ - з мэбляй і абсталяваннем. Сцены дапамагаюць не толькі дома: у камфортных умовах і вучоба лепш даецца.
У сваёй мікразоне гэтая школа - культурны цэнтр: тут грунтуюцца філіял музычнай школы і тры спартыўныя секцыі. У добраўпарадкаванні актыўна ўдзельнічаюць і бацькі з дапамогай апякунскай рады, і вучні. Зараз студатрадаўцы наводзяць глянец на школьным двары: хлопцы выносяць будаўнічае смецце, дзяўчаты праполваюць клумбы. Марыя Пахомава — выпускніца школы, яна ўжо залічана студэнткай у БРУ, але вярнулася ў родную школу дапамагчы і зарабіць:
- Мне патэлефанавала завуч і прапанавала стаць камандзірам студатрада. У нас хлопцы ў лагеры працы і адпачынку зараблялі па 100 рублёў. Працуем усяго па дзве гадзіны, паспяваю і адпачыць.
1 верасня тут чакаюць больш за тысячу навучэнцаў, з іх 100 першаклашак.
Дэдлайн для рамонтных работ - 20 жніўня, калі школы павінны атрымаць сертыфікаты гатоўнасці. У вобласці запланаваны таксама работы па добраўпарадкаванні 20 школьных стадыёнаў і спартыўных пляцовак, каля трох дзясяткаў школ абсталююць сістэмай відэаназірання, абновяць харчаблокі.
ДАРЭЧЫ
У новым навучальным годзе ў Магілёўскай вобласці за парты сядуць 116 тысяч вучняў, з іх 12 тысяч - першакласнікі.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
25.04.2025 - 14:52
Па БЧ 26-30 красавіка будуць курсіраваць 45 дадатковых паяздоў
24.04.2025 - 14:40
У Магілёўскай вобласці праходзіць выязны прафсаюзны прававы прыём
24.04.2025 - 12:51
Навучэнцы Магілёўскай вобласці напішуць заўтра «Дыктоўка Перамогі»
23.04.2025 - 14:55
Беларускім пенсіянерам з 1 мая прадаставяць скідку 50 працэнтаў на праезд у паяздах эканамкласа
23.04.2025 - 13:01