RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На выбарах у Палату прадстаўнікоў асаблівую ўвагу нададуць стварэнню ўмоў для галасавання людзям з абмежаванымі магчымасцямі

У цяперашнюю выбарчую кампанію ЦВК надасць асаблівую ўвагу стварэнню ўмоў для галасавання людзям з абмежаванымі магчымасцямі. На гэта звярнула ўвагу ў размове з журналістамі старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, якая сёння правяла ў Магілёве семінар-нараду са старшынямі і сакратарамі абласной, акруговых выбарчых камісій, кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, сродкаў масавай інфармацыі.

Цэнтральная выбарчая камісія традыцыйна праводзіць тэматычныя семінары пасля прызначэння выбараў у абласных цэнтрах краіны. Магілёў стаў першым у гэтым шэрагу. «Заканадаўства не мянялася, тым не менш, мы пастаянна ўдасканальваем правапрымяняльную практыку, –заўважыла Лідзія Ярмошына. – Улічваем пазітыўны і негатыўны вопыт, які набываецца па выніках апошніх выбараў, і абавязкова выкарыстоўваем напрацоўкі ў нашых тлумачэннях, што дапамагае працаваць выбарчым камісіям».

Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама, на гэты момант сістэма правядзення выбараў адладжана цалкам. Усе адказныя ведаюць, як дзейнічаць, хоць і бываюць пазаштатныя сітуацыі. “У гэту выбарчую кампанію ЦВК будзе надаваць асаблівую ўвагу ўдзелу ў выбарах асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, бо Беларусь прытрымліваецца Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, – падкрэсліла Лідзія Ярмошына. – На пасяджэнні 24 верасня мы будзем заслухоўваць пытанне аб прадастаўленні рэалізацыі выбарчага права грамадзянам з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Рэгіёны даюць справаздачу аб тым, дзе размешчаны выбарчыя ўчасткі. Максімальная ўвага будзе нададзена стварэнню там безбар’ернага асяроддзя».

Старшыня Цэнтрвыбаркама распавяла, што для калясачнікаў, якія вырашаць галасаваць на выбарчых участках, а не дома, будуць прадугледжаны спецыяльныя месцы для галасавання: нізкія парты ці сталы, каб чалавек мог уехаць у кабіну на калясцы, або будзе спецыяльны стол побач з камісіяй з выгарадкай, што дазволіць прагаласаваць, седзячы ў зручным становішчы. Акрамя гэтага, з тэлекампаніямі агаворана магчымасць сурдаперакладу або субтытравання выступленняў кандыдатаў у дэпутаты, каб тэксты маглі прачытаць людзі з парушэннямі слыху. Як і раней, будуць прадугледжвацца трафарэты для самастойнага галасавання невідушчых грамадзян, лупы для людзей са слабым зрокам.

Лідзія Ярмошына дадала, што адно з новаўвядзенняў выбарчай парламенцкай кампаніі-2019 – спецыяльны дадатак да мабільных тэлефонаў, які пачне дзейнічаць на ўсёй тэрыторыі краіны пасля стварэння ўчасткаў, за 60 дзён да выбараў. Дзякуючы яму выбаршчык, набраўшы свой адрас, атрымае адказ аб тым, дзе знаходзіцца яго выбарчы ўчастак, якая ў яго выбарчая акруга. Такім чынам, ужо потым зможа ў электронным выглядзе паглядзець, пашукаць у інтэрнэце, дадаткова даведацца пра сваіх кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць ісці па гэтай акрузе.

Падчас семінара Лідзія Ярмошына дала рэкамендацыі аб тым, як у далейшым варта будаваць працу па фарміраванні тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, каб прадстаўніцтва палітычных партый у іх было больш разнастайным і апраўданым. Асаблівую ўвагу старшыня Цэнтрвыбаркама надала правядзенню рэгістрацыі ініцыятыўных груп і перадвыбарчай агітацыі, узаемадзеянню з назіральнікамі і СМІ. Удзельнікі палілогу змаглі задаць Лідзіі Ярмошынай пытанні.

    

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая