RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Нагрузка на грамадскія прыёмныя РГА «Белая Русь» у апошнія дні прыкметна ўзрасла

У грамадскіх прыёмных рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» шматлюдна. Грамадзян з іх пытаннямі і праблемамі тут прымаюць заўсёды, але ў перыяд выбарчых кампаній актыўнасць насельніцтва традыцыйна вырастае. Не выключэнне і Магілёўская вобласць.

Роля грамадскіх прыёмных у вырашэнні надзённых праблем насельніцтва немалая. Намеснік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Барыс Зінкевіч прыводзіць некалькі цікавых прыкладаў:

– Неяк да нас звярнуліся жыхары раёна прыватнай забудовы, названага Карабанаўкай, дзе адсутнічала вулічнае асвятленне. Да гэтага яны атрымалі адказ ад «Гарсвятла», што ў іх кірунку ўжо ідзе пракладка лініі з цэнтра. Але ж дорага лыжка да абеду! Тады я падказаў камунальнай арганізацыі ідэю кінуць «часоўку». Акурат перад Новым годам ліхтары на той вуліцы запаліліся, і людзі высыпалі з дамоў, каб разам сустрэць свята. Потым ад іх прыйшлі лісты з падзякамі.

За першае паўгоддзе грамадскія прыёмныя «Белай Русі» ў Магілёўскай вобласці разгледзелі 278 зваротаў. Самыя папулярныя тэмы – праблемы ЖКГ і сацыяльная абарона, на трэцім месцы – дзейнасць самой арганізацыі.

У вобласці працуе 25 грамадскіх прыёмных «Белай Русі». Адна з самых папулярных – у Доме друку Магілёва. Весці прыём прадстаўнікам арганізацыі дапамагаюць спецыялісты розных напрамкаў: дэпутаты, юрысты, эканамісты, будаўнікі і г. д. Учора, напрыклад, па падтрымку сюды звярнулася старшыня прафкама студэнтаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Марына Бяляева:

– Выступаю за ўсё студэнцтва, за нашу будучыню! Хацелася б, каб навучэнцам на дзённай форме павялічылі стыпендыю з 0,3 да 0,5 найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Напрыклад, самая масавая стыпендыя ў нашай ВНУ роўная 82 рублям. Вучыцца на тэхнічных спецыяльнасцях няпроста, і далёка не ўсе могуць выцягнуць сесію на павышаную стыпендыю. Акрамя таго, ёсць прыклады студэнцкіх сем’яў. Быў нават выпадак, калі да нас паступілі два браты з Украіны. Старэйшаму давялося кінуць вучобу і знайсці працу, каб у іх былі грошы на жыццё. Малодшы, праўда, малайчына: не падвёў яго – вучыцца, стараецца.

Грамадская прыёмная, як адзначыў Барыс Зінкевіч, падрыхтуе і адрасуе гэта няпростае пытанне ў Міністэрства адукацыі на разгляд. А праца працягваецца...

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая