Уладальнікамі адразу трох дыпломаў фестывалю фальклору і рамёстваў «Смаленскі ражок» сталі артысткі з беларускай вёскі. Выканаўцаў аўтэнтычных песень з ансамбля «Паршынскія зоры» прызналі пераможцамі ў намінацыях: «Найлепшы фальклорны ансамбль», «Народныя спевы» і «Рэканструкцыя абраду». Што цалкам заканамерна – вось ужо больш за 30 гадоў вяскоўкі з Горацкага раёна літаральна жывуць аўтэнтычнымі песнямі, якія любілі яшчэ іх прабабулі.
Дзесяць артыстаў ва ўзросце ад 45 да 70 гадоў у нацыянальных касцюмах здзіўляюць не толькі чыстымі галасамі і акапэльным гучаннем. Іх рэпертуар – гэта самабытная фальклорная спадчына роднага краю, абрадавыя песні: вясельныя, хрэсьбінныя, калядныя... Унікальная творчасць народнага ансамбля некалькі гадоў таму ўключана ў спіс гісторыка-культурных нематэрыяльных каштоўнасцей ЮНЕСКА ў Беларусі. Але калектыў на гэтым не спыніўся, працягвае развівацца…
– Наогул пераможцы цяперашняга міжнароднага фальклорнага форума ў Смаленску – гэта другі склад ансамбля. «Паршынскія зоры» ўтвораны ў далёкім 1986 годзе і першапачаткова выконвалі вядомыя шматлікія народныя песні – кажа Любава Уладыка, якая ўзначаліла калектыў у 2006 годзе. – Але аднойчы мы разам вырашылі, што трэба пашыраць межы творчасці.
Шмат гадоў удзельніцы ансамбля – найстарэйшыя жыхаркі вёскі Паршына – збіралі песенную скарбніцу краю, якая фарміравалася не адно стагоддзе. Калясілі па раёне ў пошуках твораў, якія выконвалі іх продкі. Страчаныя тэксты і мелодыі аднаўлялі па крупінках. На запіс некаторых самабытных твораў сыходзіла па тры месяцы: адна вяскоўка-старажыл памятала толькі першы куплет, жыхарка іншай вёскі падказвала, як гучаў прыпеў, трэцяя карэктавала рытм... Так па кавалачках і аднавілі цэлы рэпертуар страчанай фальклорнай «Спадчыны», у якім ужо больш за 200 песень.
Сямейна-бытавыя, абрадавыя, жартоўныя... Старадаўнія творы адроджаны і адноўлены дзякуючы найстарэйшым удзельніцам калектыву: Валянціне Багачовай, Паліне Лапцуевай, Ганне Кісялёвай, Паліне Махрачовай, Марыі Кухаравай, Лідзіі Сіняковай, Ганне Марудзінай, Валянціне Глусцовай. Іх творчасць адзначана на разнастайных конкурсах, ад раённых да міжнародных.
– Гэтым разам мы ўпершыню ўдзельнічалі ў фестывалі ў рэжыме анлайн. Такі фармат здарыўся праз каранавірус, – дапаўняе Любава Уладыка. – Вядома, трохі засмуціліся. Бо да гэтага і старым складам, і цяперашнім часта выязджалі на гастролі, конкурсы. Наш ансамбль – пастаянны ўдзельнік раённых, абласных «Дажынак», свята «Александрыя збірае сяброў», міжнародных фестываляў народнай творчасці ў Расіі і Польшчы, выступалі мы і ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава.
Сёлета на конкурс у Смаленску «Паршынскія зоры» прадставілі некалькі відэаролікаў з аўтэнтычнымі абрадамі: «Выкуп нявесты», «Заручыны» і «Княгіня». Першы зразумелы ўсім. «Заручыны» таксама вясельныя. Па словах сельскіх «зорак», якія здолелі захаваць самабытную культуру, гэты абрад праводзілі пасля таго, як адбылося сватаўство:
– Калі ў нявесты пабывала свацця, каб вяскоўцы разумелі, чым скончылася гэтая сустрэча і ці будзе вяселле, у яе дом ішлі бацькі жаніха. І калі іх сын дарыў дзяўчыне заручальнае кальцо, значыць, справа зладзілася. Дарэчы, пасля гэтага яна ўжо не мела права хадзіць на вячоркі і танцы з сяброўкамі, толькі ў пары з жаніхом. Абрад «Княгіня» праводзілі, калі хрысцілі дзіця. Так звалі бабулю, на якой трымаўся ўвесь рытуал. Гэта ж не толькі хрышчэнне ў храме. Пасля яго «Княгіня» варыла кашу, разбівала гаршчок, у якім яна была, на дробныя кавалачкі. Кожны з іх потым выкуплялі родныя і сябры сям’і. А за яго дарылі нованароджанаму падарунак.
Самабытных абрадаў «Паршынскія зоры» адрадзілі нямала. І хоць з першага складу ансамбля, на жаль, у жывых засталося удзельніц не многа, іх спадчына не згублена. Калектыў развіваецца, гастралюе. А яшчэ пры мясцовым сельскім Доме культуры створаны дзіцячы калектыў «Зорачкі», дзе таксама спяваюць народныя песні, прызнаныя сусветным здабыткам.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
24.02.2025 - 09:33
Магілёўскі драмтэатр: на многія пастаноўкі форуму «М.@rt кантакт — 2025» білеты амаль распрададзены
20.02.2025 - 10:34
Новыя падрабязнасці пра тэатральны форум «M.@rt кантакт»-2025
19.02.2025 - 12:16
Спектакль «Сабачае сэрца» пермскага тэатра паказалі ў Магілёве