RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Народнымі абрадамі і спальваннем пудзіла Зімы адзначаць магілёўцы Масленіцу

Народнымі абрадамі і спальваннем пудзіла Зімы адзначаць магілёўцы Масленіцу. Масавыя гулянні пройдуць 9 сакавіка ў Пячэрскім лесапарку, паведамілі ва ўпраўленні культуры Магілёўскага гарвыканкама.

Свята для жыхароў і гасцей абласнога цэнтра пачнецца ў 12.00 з тэатралізаванага паказу і завершыцца ў 16.00. «Штогод мы стараемся зрабіць гэтае мерапрыемства відовішчным і цікавым, але пры гэтым захаваць традыцыі і звычаі. Гэтым разам усе ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у абрадавых танцах і гульнях, развучыць песні-вяснянкі», – адзначылі суразмоўцы.

Не абыдзецца Масленіца без галоўных атрыбутаў – бліноў. Аб’екты выязнога гандлю прадставяць шырокі асартымент прадукцыі для таго, каб удзельнікі мерапрыемства змаглі падсілкавацца пасля велізарнай колькасці забавак. Адпаведную атмасферу свята будуць ствараць творчыя калектывы.

Завершацца гулянні традыцыйным спальваннем пудзіла Зімы. «Яно стане ўвасабленнем усіх негатыўных эмоцый, назапашаных за мінулы год, – падкрэслілі ва ўпраўленні культуры. – Спальваючы пудзіла, мы пазбаўляемся ад усяго дрэннага, даём дарогу добраму і светламу, абуджэнню прыроды ад зімовага сну».

Нагадаем: рух транспарту па вуліцы Клайпедскай у сувязі з правядзеннем народнага свята «Масленіца» будзе абмежаваны з 11.00 да 17.00. Для дастаўкі гараджан да месца правядзення гулянняў на маршрут №9к «Плошча Леніна – Пячэрскі лесапарк» выйдзе дадаткова чатыры аўтобусы. Таксама плануецца павялічыць колькасць маршрутных таксі.

Народнымі гуляннямі і кірмашамі адзначаць Масленіцу ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. У кожным рэгіёне праводзіны зімы пройдуць са сваім непаўторным каларытам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая