RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Невядомае раней пахаванне меркавана часоў ВАВ знайшлі ў Магілёве

У Магілёве падчас будаўнічых работ выявілі раней невядомае пахаванне, як мяркуецца, часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта паведаміў кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Вікру» Мікалай Барысенка.

«У выхадныя падчас будаўнічых работ на месцы будучай аўтастаянкі па вул. Карпінскага пры капанні катлавана экскаватарам знойдзена невядомае раней пахаванне меркавана часоў Вялікай Айчыннай вайны. Коўш экскаватара вывярнуў на паверхню шматлікія фрагменты касцяных чалавечых астанкаў, пры якіх знаходзіліся спадарожныя прадметы: салдацкі шынель, бот з адарванай халявай, два патроны пісталета «ТТ» з прабітым капсулем, мужчынскія запанкі чырвонага колеру і іншыя рэчы», - распавёў Мікалай Барысенка.

На месца работ былі выкліканыя пошукавікі клуба «Вікру», а таксама міліцыя Ленінскага РАУС Магілёва і прадстаўнікі Следчага камітэта, якія забралі частку матэрыялаў для экспертызы. Група пошукавага клуба на наступны дзень прыбыла для рэкагнасцыроўкі і вызначэння прыналежнасці астанкаў. «У выніку трохгадзіннай працы пасля моцнага дажджу, які прайшоў напярэдадні, у гліністым адвале на паверхні былі сабраныя і спакаваныя ў 8 поліэтыленавых пакетаў фрагменты касцяных астанкаў - меркавана не менш за 20. Разам з імі былі выяўленыя фрагменты гузікаў, жаночы грабеньчык, усе манеты савецкага перыяду рознай вартасці ( да 1941 года), штановы рамень, фрагменты патронаў калібра 7,62 і пісталета «ТТ», гузікі з зоркай шынельныя і гімнасцеркавыя, спражка чырвонаармейскага брызентавага дадатковага рамяня з адным прарэзам і іншыя рэчы, - дадаў Мікалай Барысенка. - Усё гэта было перададзена экспертам Следчага камітэта. Выяўленыя пры касцяных астанках прадметы могуць адносіцца да ліпеня-жніўня 1941 года і належаць ваеннаслужачым Чырвонай арміі, а таксама мірным жыхарам - жанчынам, дзецям і старым, якія памерлі ад ран у гарадской 1-й Савецкай бальніцы або загінулі падчас абстрэлу і бамбардзіровак горада фашыстамі падчас абароны горада ў ліпені 1941 года».

Больш дакладная інфармацыя стане вядома пасля праведзеных экспертыз. «Зямельныя работы на гэтым участку пакуль прыпынены, таму што там засталіся яшчэ астанкі, для ўздыму якіх неабходна праводзіць раскопкі, магчыма, пры ўдзеле 52-га асобнага пошукавага батальёна Узброеных сіл Беларусі», - падсумаваў кіраўнік пошукавага клуба.

Для ўстанаўлення больш дэталёвых звестак аб пахаванні пошукавікі «Віккру» прадоўжаць вывучэнне баявых архіўных дакументаў перыяду абароны і акупацыі Магілёва, мемуарнай літаратуры, наяўныя нямецкія і савецкія карты-схемы, а таксама іншыя крыніцы. Пры гэтым магілёўскія пашукавікі звяртаюцца да жыхароў горада, якія могуць дапамагчы інфармацыяй аб пахаванні, асабліва да работнікаў музеяў і архіваў, размешчаных у горадзе. «Такая сумесная работа дапаможа нам адкрыць яшчэ адну невядомую старонку нашага горада і яго жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны», - падкрэсліў Мікалай Барысенка.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая