RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новая імянная зорка ганаровага грамадзяніна горада з’явіцца на плошчы Зорак у Магілёве

Новая імянная зорка ганаровага грамадзяніна, прысвечаная Аляксандру Кічкайлу, з’явіцца на плошчы Зорак у Магілёве. Пра гэта паведаміў старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын.

«У 1987–1989 гадах Магілёўскі аблвыканкам узначальваў былы намеснік старшыні Савета Міністраў БССР, лаўрэат Дзяржпрэміі СССР, заслужаны будаўнік БССР, кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Трафімавіч Кічкайла. З яго імем звязаны сур’ёзныя пераўтварэнні ў будаўнічай і дарожнай сферах Магілёва і вобласці. Дзякуючы яму за кароткі час практычна зноўку створана дарожнае будаўніцтва ў рэгіёне. У якасці эксперыменту ў Магілёўскай вобласці быў сфарміраваны трэст дарожнага будаўніцтва і ПМК у кожным раёне. Дзякуючы гэтаму патроіліся аб’ёмы выкананых работ», – расказаў Максім Гурын.

Па словах старшыні гарсавета дэпутатаў, падчас працы ў Магілёўскай вобласці Аляксандр Кічкайла ўдзельнічаў у аднаўленні Дрыбінскага раёна пасля выбуху на ЧАЭС. У той перыяд у Магілёве на скрыжаванні вуліцы Першамайскай і праспекта Міру з’явіўся першы падземны пераход. Акрамя гэтага, у рэгіёне сталі будаваць новыя жывёлагадоўчыя комплексы з пасёлкамі на ўзор сучасных аграгарадкоў, у Магілёве быў перапрафіляваны будынак саюзнага вылічальнага цэнтра пад дыягнастычны цэнтр для лячэння людзей, якія пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС. З імем Аляксандра Кічкайла звязана ўзвядзенне па вуліцы Каралёва ў Магілёве моста, які злучыў цэнтр горада і мікрараён Фаціна.

«Аляксандр Кічкайла шмат зрабіў для нашага рэгіёна і горада. Таму абласная арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў прапанавала прысвоіць яму званне ганаровага грамадзяніна Магілёва. Мы ідэю падтрымалі, – адзначыў Максім Гурын. – Такім чынам мы дзякуем Аляксандру Кічкайлу за яго сумленную працу на карысць нашага рэгіёна і ўсёй краіны. Сімвалічна, што зорку мы адкрываем напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі».

Мерапрыемства пройдзе на плошчы Зорак у Магілёве 2 ліпеня. Пачатак а 12.30.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая