RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новы інфекцыйны корпус Магілёўскай бальніцы №1 плануюць увесці ў строй у лютым

Сучасная дыягнастычная база з'явіцца ў новым інфекцыйным корпусе Магілёўскай бальніцы нумар 1, які плануюць увесці ў строй у лютым. Пра гэта расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў.

«Новы інфекцыйны корпус пабудаваны на тэрыторыі Магілёўскай абласной бальніцы №1 на месцы старога двухпавярховага, - адзначыў Аляксандр Старавойтаў. - Ён уяўляе сабой сучасны шасціпавярховы будынак, які мае амбулаторную і стацыянарную часткі. Корпус пабудаваны па ўсіх стандартах інфекцыйнага стацыянара: тут прадугледжана баксаваная сістэма палат, у кожную з якіх пацыент пападае з вуліцы асобна, не датыкаючыся з іншымі хворымі. У сваю чаргу на тэрыторыі ёсць пляцоўкі для апрацоўкі аўтамабільнага транспарту».

Корпус разлічаны на 192 стацыянарныя койкі, з якіх 12 - рэанімацыйныя. Кожная з іх падключана да кіслароднай кропкі. У корпусе ёсць дарослыя і дзіцячыя аддзяленні. Будаўнічыя работы на аб'екце завершаны, пастаўлена ўсё неабходнае абсталяванне, ідуць яго мантаж і наладка.

На першым паверсе абсталяваны сем прыёмных боксаў, ізаляваных адзін ад аднаго. Гэта неабходна для таго, каб не дапусціць скрыжавання інфекцый. Тут жа размяшчаецца сучаснае стэрылізацыйнае аддзяленне, забяспечанае ўсім неабходным абсталяваннем. Акрамя гэтага, ёсць дыягнастычная частка з магнітна-рэзанансным і камп'ютарным тамографамі і рэнтгенаўскім апаратам, закупленымі цэнтралізавана за кошт сродкаў Міністэрства аховы здароўя. Дарэчы, у дзяржаўных установах аховы здароўя абласнога цэнтра зараз толькі два апараты МРТ - у Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры і Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы.

На шостым паверсе новага інфекцыйнага корпуса размесціцца рэанімацыйнае аддзяленне са сваёй аперацыйнай, у якой пры неабходнасці будуць апераваць пацыентаў з інфекцыйнай паталогіяй. У будынку таксама прадугледжана наяўнасць ПЦР-лабараторыі з найноўшым абсталяваннем і ўсім неабходным для дыягностыкі і лячэнні захворванняў у сучасных умовах.

«Размяшчэнне ў складзе шматпрофільнай бальніцы дае корпусу шэраг пераваг: не будуць узнікаць праблемы з кансультантамі і замяняльнасцю персаналу, знімаюцца пытанні з дадатковымі абследаваннямі пацыентаў, - адзначыў Аляксандр Старавойтаў. - На новых медыцынскіх плошчах будзе сканцэнтравана тое, што дапаможа не толькі інфекцыйнай паталогіі, але і рабоце бальніцы ў цэлым. Папярэдне ўвод у эксплуатацыю корпуса Магілёўскай абласной бальніцы №1 плануецца ў лютым гэтага года».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая