RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ордэн Маці ўручылі адзінаццаці шматдзетным жанчынам Магілёўскай вобласці

Урачысты прыём, прысвечаны Дню маці, адбыўся сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме. У мерапрыемстве прыняло ўдзел 30 жанчын з гарадоў і раёнаў рэгіёна, якія выхавалі годных сыноў і дачок.

Віншуючы прысутных, а ў іх асобе ўсіх прадстаўніц прыгожага полу Прыдняпроўскага краю, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адзначыў, што Дзень маці – гэта не толькі даніна глыбокай павагі і любові тым, хто падарыў нам жыццё. Гэта прызнанне на дзяржаўным узроўні найважнейшай ролі жанчыны ў развіцці грамадства, пацвярджэнне таго, што сям’я, мацярынства з’яўляюцца прыярытэтамі сацыяльнай палітыкі краіны.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што ў Беларусі рэалізуецца цэлы шэраг сацыяльных праграм, распрацаваных у дапамогу маці. Яны непасрэдна датычацца сямейнага ўкладу, нараджэння і выхавання дзяцей, вырашэння жыллёвых пытанняў, працаўладкавання.

Кіраўнік вобласці цёпла павіншаваў удзельніц урачыстасці са святам і ўручыў ордэн Маці адзінаццаці жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых і больш дзяцей. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі: выхавальнік ясляў-сада № 1 г. Клічава Наталля Ліхота, настаўнік пачатковых класаў Шарэйкаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад – сярэдняя школа Касцюковіцкага раёна Ліна Салтанава, хатняя гаспадыня Людміла Царкоўная (Магілёўскі раён), індывідуальны прадпрымальнік Наталля Мяцельская (Асіповіцкі раён), аператар жывёлагадоўчага комплексу ААТ «Новагарадзішчанскае» АленаНовікава (Шклоўскі раён), швяя ААТ «Бабруйсктрыкатаж» Ганна Лукашова, загадчыца гаспадаркі ДУА «Лебядзянкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – пачатковая школа Бялыніцкага раёна» Лідзія Арцёмава(Магілёў), сацыяльны педагог ДУА «Сярэдняя школа № 19 г.Магілёва» Наталля Гурэева, хатняя гаспадыня Марына Крушкіна (Магілёў), швачка прыватнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства «СанТэксЛайт» Іна Станкевіч (Магілёў), кравец эксперыментальнай лабараторыі швейнай фабрыкі ААТ «Магатэкс» Наталля Пруднікава.

У слове ў адказ маці пяцярых дзяцей Наталля Гурэева ад мам вобласці выказала словы падзякі ўсім, без каго цяжка было б гадаваць дзяцей: мужам, якія падзялілі адказнасць за выхаванне, педагогам за веды, дзяржаве за падтрымку і ініцыяванне праектаў, накіраваных на дапамогу сем’ям. «Асаблівы дзякуй мамам, якія выгадавалі нас і да гэтага часу падтрымліваюць, – сказала Наталля Гурэева. – Мы ведаем, што нашы дзеці таксама любімыя і змогуць перадаць гэтую любоў сваім дзецям. Яны разумеюць, што такое дапамога, падтрымка і абавязкова будуць годнымі грамадзянамі сваёй краіны».

У гонар віноўнікаў урачыстасці быў дадзены канцэрт, у якім юныя артысты апявалі іх цяпло, клопат, пяшчоту, увагу і самаадданасць. Усім удзельніцам сустрэчы ўручылі кветкі.

Урачыстаму прыёму ў аблвыканкаме папярэднічаў Тыдзень маці, мэта якога – прыцягнуць увагу да самай галоўнай у жыцці кожнага жанчыны, акружыць яе клопатам і цяплом, аказаць заслужаныя ўшанаванні, дапамагчы вырашыць праблемы, абмеркаваць пытанні аховы мацярынства і дзяцінства, здаровага ладу жыцця, павышэння прэстыжу моцнай сям’і.

Жанчыне, працаўніцы, захавальніцы сямейнага ачага ў гэтыя дні прысвячаліся вершы, песні і музыка, словы падзякі і ўдзячнасці, круглыя сталы, прэс-канферэнцыі, выставы, конкурсы, тэматычныя вечары, канцэрты. У працоўных калектывах і навучальных установах прайшлі ўшаноўванні маці, сустрэчы з ветэранамі вытворчасці, віншаванні маладых маці з нараджэннем першынцаў.

Усе жадаючыя змаглі атрымаць бясплатныя кансультацыі па пытаннях сямейна-шлюбных адносін, выхавання дзяцей, здаровага ладу жыцця, сацыяльных ільгот і гарантый, а таксама па псіхолага-педагагічных, медыцынскіх і прававых аспектах.

Адной з асноўных падзей тыдня быў рэспубліканскі фінал конкурсу «Сям’я года». Наш рэгіён у спаборніцтве прадстаўляла сям’я Нікалаевых з Кастрычніцкага раёна горада Магілёва, якая стала пераможцам праекта.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая