З новага навучальнага года Магілёўскі дзяржаўны эканамічны каледж прафесійна-тэхнічнага навучання прыступіць да рэалізацыі эксперыментальнага праекта па дыстанцыйным навучанні асоб з парушэннямі апорна-рухальнага апарата па спецыяльнасці «Эксплуатацыя электронна-вылічальных машын», паведаміў дырэктар установы адукацыі Алег Бахановіч.
Падрыхтавана і зацверджана праграма навучання, вызначаны спецыялісты, якія будуць займацца з дзецьмі. Відэасувязь будзе арганізавана пры дапамозе скайпа. У эксперыментальную групу набяруць 8 чалавек.
«Укараненне ў адукацыйны працэс дыстанцыйных тэхналогій дастаткова актуальнае для асоб з абмежаванымі магчымасцямі і з’яўляецца адной з асноўных і неад’емных умоў іх паспяховай сацыялізацыі, забеспячэння іх паўнавартаснага ўдзелу ў грамадстве, – адзначыў Алег Бахановіч. – Наша галоўная задача – выбудаваць сістэму адукацыі гэтай катэгорыі дзяцей такім чынам, каб яна спрыяла іх эфектыўнай самарэалізацыі ў розных відах прафесійнай і сацыяльнай дзейнасці».
Тэрмін навучання складзе адзін год, а атрыманая выпускнікамі кваліфікацыя будзе звязана з вытворчасцю інфармацыі і інфармацыйных паслуг ва ўстановах і арганізацыях, на прадпрыемствах розных арганізацыйна-прававых формаў. Яны будуць умець рабіць апрацоўку і ўвод інфармацыі ў ЭВМ (ПЭВМ) з носьбітаў інфармацыі і каналаў сувязі, працаваць з электроннымі табліцамі, тэкставымі працэсарамі, графічнымі рэдактарамі, выконваць работы па тэставанні антывіруснымі праграмамі файлаў ПЭВМ, забяспечваць функцыянаванне камп’ютарнай сістэмы. «Атрыманыя ў нас веды дазволяць дзецям працаўладкавацца і працаваць дыстанцыйна, быць запатрабаванымі і прыносіць карысць грамадству», – адзначыла намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Галіна Купцова.
Паколькі гэта пакуль эксперымент, то ўвесь працэс навучання будзе падвергнуты глыбокаму аналізу ў параўнанні з вочным навучаннем дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. «Не выключана, што ў перыяд рэалізацыі праекта будуць уносіцца карэкціроўкі ў методыку і працэс навучання, – сказала намеснік дырэктара. – Мы павінны адаптаваць сістэму адукацыі да патрэб дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі такім чынам, каб атрымаць максімальны эфект па сацыялізацыі нашых выхаванцаў».
Калі вопыт, атрыманы ў Магілёўскім каледжы, будзе паспяховым, яго плануюць распаўсюдзіць і ў іншых адукацыйных установах краіны.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
24.04.2025 - 11:24
Новая спецыяльнасць, планы па наборы студэнтаў. Дзень адкрытых дзвярэй пройдзе ў БДУТ
23.04.2025 - 10:29
Дзень адчыненых дзвярэй пройдзе 26 красавіка ў Магілёўскім інстытуце МУС
22.04.2025 - 09:31
Моладзевы электронны кірмаш вакансій пройдзе 24 красавіка ў Магілёве
18.04.2025 - 11:00