RU BY EN 中文
Instagram

Падпісаны ўказ аб рэалізацыі на «БелВітуніфарме» інвестпраекта па вытворчасці ветпрэпаратаў і лякарстваў

Новая імпартазамяшчальная вытворчасць ветэрынарных і медыцынскіх лекавых сродкаў будзе арганізавана на базе ААТ «БелВітуніфарм». Гэта прадугледжана ўказам нумар 346 «Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта», які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 верасня, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакумент прыняты ў мэтах далейшага развіцця ў краіне біяфармацэўтычнай галіны.

У адпаведнасці з указам прадпісана вызваліць ААТ «БелВітуніфарм» ад няпрофільных актываў і перадаць іх у камунальную ўласнасць. Інвестару прадастаўляюцца зямельныя ўчасткі, неабходныя для будаўніцтва і абслугоўвання аб'ектаў (у часовае, пастаяннае карыстанне або ў арэнду) па інвестпраекце. Ён таксама атрымлівае магчымасць выкарыстання тэхналагічнага і іншага абсталявання, раней набытага ў адпаведнасці з указам ад 3 лістапада 2021 года нумар 430.

На працягу двух гадоў пасля завяршэння рэалізацыі інвестпраекта ўсе зацікаўленыя змогуць набываць у прадпрыемства ветэрынарныя і медыцынскія лекавыя сродкі, якія маюць сертыфікат уласнай вытворчасці, з прымяненнем працэдуры закупкі з адной крыніцы.

Пытанне стратэгічнага развіцця вялікага біятэхналагічнага прадпрыемства ветэрынарнага профілю - ААТ «БелВітуніфарм» - абмяркоўвалася 15 жніўня на нарадзе ў Прэзідэнта з удзелам усіх зацікаўленых бакоў.

«Беларусь ідзе па шляху імпартазамяшчэння - да тэхналагічнага (як модна сёння гаварыць) суверэнітэту, дасягнуць якога немагчыма без уласных вялікіх вытворчасцей. Такіх цэнтраў, дзе ёсць уласныя навуковыя лабараторыі і распрацоўкі, дзе думаюць на 10 і 20 гадоў наперад. Віцебскі рэгіён мае ўсе перадумовы для стварэння магутнага вытворчага аб'яднання ў галіне біяфармацэўтыкі (але ці толькі Віцебскі рэгіён? Тут трэба шырэй гаварыць не толькі пра Віцебскі рэгіён, але ў маштабах краіны). Інакш кажучы, можа гэта аб'яднанне працаваць і для сельскай гаспадаркі, і для медыцыны (лякарствы, вакцыны і ветпрэпараты). Тэхналагічным ядром, як мяркуцца, цяпер павінен стаць «БелВітуніфарм», - тлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт ужо наведваў гэта прадпрыемства, сустракаўся з яго кіраўніцтвам у жніўні 2021 года, і тады размова ішла ў тым ліку аб намеры рэалізаваць інвестыцыйны праект па арганізацыі вытворчасці медыцынскіх вакцын. Пасля візіту кіраўніка дзяржавы быў падпісаны адпаведны ўказ нумар 430.

«Мы падрабязным чынам абмяркоўвалі ваш бізнес-план, але, як у вядомай прымаўцы, гладка было на паперы, ды забылі пра равы», - крытычна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Таму адной з мэт нарады было знайсці спосабы вырашэння праблем, што ўзніклі. Усе зацікаўленыя бакі прыйшлі да кансэнсусу наконт далейшых крокаў па развіцці «БелВітуніфарм» і выпрацавалі алгарытм дзеянняў, які ў далейшым унеслі на разгляд кіраўніка дзяржавы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая