RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі на мемарыяльным комплексе«Усакіна»

Памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі на мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Усакіна» ў Клічаўскім раёне. Тут прайшоў мітынг з ускладаннем кветак і вянкоў і рэспубліканская акцыя «Хвіліна маўчання».

Мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Усакіна» размясціўся на месцы знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак Вязень і Сялец, якія пасля так і не адрадзіліся. Тут размешчаны партызанскія могілкі, дзе ў 18 брацкіх магілах пахаваныя больш за 500 байцоў. Устаноўлены маналіт у гонар знаходжання на тэрыторыі Клічаўскай партызанскай зоны Магілёўскага падпольнага абкама партыі.

Удзельнікамі жалобнага мітынгу сталі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, кіраўніцтва вобласці і раёна, прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, структур і ведамстваў, арганізацый і прадпрыемстваў вобласці, ветэраны і моладзь.

Адной з удзельніц жалобнага мерапрыемства стала старшыня маладзёжнага парламента пры Клічаўскім райвыканкаме Алена Мачэкіна. Яна падзялілася, што 22 чэрвеня – асаблівы дзень у гісторыі нашай краіны. Ён выклікае пачуццё гонару за наш народ і ў той жа час суму.

«У гэты дзень кожнаму абавязкова трэба наведаць якое-небудзь памятнае месца. Ці проста яшчэ раз успомніць пра тое, якой цаной быў заваяваны мір, як дорага заплацілі нашы продкі за нашу з вамі сучаснасць. Я з таго пакалення, хто яшчэ заспеў у жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыла яна. – У нашай краіне праводзіцца мноства мерапрыемстваў па фарміраванні ў моладзі патрыятычных ідэй і думак і па недапушчэнні скажэння гісторыі. І год гістарычнай памяці падштурхнуў з новай сілай праводзіць гэтую працу. У раёне праходзіць мноства тэматычных мерапрыемстваў. Адзін са знакавых пунктаў – мемарыял «Усакіна». Яго наведвае вялікая колькасць дарослых, моладзі і дзяцей. Дзецям складана ўявіць жахі вайны, і гэта на шчасце. Але калі мы будзем расказваць, нашы дзеці не дапусцяць такіх думак. Вельмі добра меркаваць аб міры, калі ты жывеш у міры. І пра гэта трэба гаварыць з самага дзяцінства».

На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Усакіна» размясціўся адноўлены партызанскі лагер, дзе праходзяць рэканструкцыі ваенна-гістарычных падзей. Удзельнікі мітынгу пасля ўскладання наведалі гэта месца, дзе змаглі акунуцца ў штодзённае жыццё партызанскага лагера ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая