RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Памятны знак ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і працы Уладзіміру Марчанку адкрылі ў Чавусах

22 чэрвеня 2020 года споўнілася б 100 гадоў ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, удзельніку Парада Перамогі 1945 года ў Маскве, Ганароваму грамадзяніну Чавускага раёна, ветэрану працы Уладзіміру Васільевічу Марчанку. Ён усяго паўгода не дажыў да гэтай даты…

 

Амаль 70 гадоў свайго насычанага падзеямі жыцця Уладзімір Васільевіч працаваў на карысць чавускай зямлі: быў старшынёй райвыканкама, працаваў у інспекцыі прыродных рэсурсаў, узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. У гонар гэтага выдатнага чалавека ў скверы насупраць будынка Чавускага гісторыка-краязнаўчага музея адкрыты памятны знак. Ва ўрачыстым мерапрыемстве з гэтай нагоды ўдзельнічалі кіраўніцтва і госці раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і ветэранскай арганізацыі.


Дырэктар музея Іна Казакова расказала, што родам Уладзімір Васільевіч з Клімавіцкага раёна, да вайны скончыў мясцовы тэхнікум, паскораныя курсы ваеннай падрыхтоўкі і сустрэў вайну лейтэнантам, удзельнічаў у баях пад Масквой, быў паранены, вярнуўся на фронт і працягнуў баявы шлях, удзельнічаў у вызваленні Беларусі, перамогу сустрэў пад Кёнігсбергам, узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Вялікай Айчыннай вайны I ступені, медалямі. Пасля заканчэння вайны працаваў у родным раёне, а з 1951 года жыў і працаваў у Чавусах. Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Навумавіч Вінкевіч адзначыў адказны падыход да справы і патрабавальнасць да падначаленых, але пры гэтым тактоўнасць і добразычлівасць Уладзіміра Васільевіча, а таксама яго актыўную працу з моладдзю па патрыятычным выхаванні.

Пляменніца Уладзіміра Васільевіча Валянціна Пімашэнка падзякавала кіраўніцтву раёна, усім неабыякавым жыхарам за рэалізацыю праекта па ўшанаванні памяці яе дзядзькі.

Памятны знак быў адкрыты старшынёй Чавускага райвыканкама Аляксандрам Яфімчыкавым, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Анатолем Мацюліным і старшынёй ветэранскай арганізацыі Анатолем Вінкевічам. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да памятнага знака і ўшанавалі памяць Уладзіміра Васільевіча Марчанкі хвілінай маўчання.

chausynews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая