RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Папрацавалі з задавальненнем». Да акцыі «Дай лесу новае жыццё» далучыліся прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама

Прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама з кіраўніком рэгіёна Анатолем Ісачанкам прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё».

Добраахвотнікі працавалі на тэрыторыі Вільчыцкага доследна-вытворчага лясніцтва. За некалькі гадзін працы яны высадзілі каля 5 тысяч. сеянцоў хвоі і елкі з закрытай каранёвай сістэмай на плошчы каля 1 га - участак ветравальна-бураломнай лесасекі, які пацярпеў ад непагадзі ў ліпені мінулага года.

«Магілёўскі аблвыканкам далучыўся да рэспубліканскай акцыі і высадзіў лес, - адзначыў Анатоль Ісачанка. - Гэта добрая справа, якую трэба працягваць, бо лес - не толькі наша багацце, але і беларускі нацыянальны брэнд. Надвор'е і настрой сёння добрыя, папрацавалі з задавальненнем. А ўвогуле важна заўсёды ўсё рабіць разам, таму што гэта аб'ядноўвае нашых людзей і рабіць жыццё весялейшым».

Анатоль Ісачанка дадаў, што ў рэгіёне актыўна вядзецца лесааднаўленне. «У мінулым годзе Гомельская і Магілёўская вобласці пацярпелі ад буралому, - сказаў ён. - Толькі ў нашым рэгіёне былі пашкоджаны каля 7,5 тыс. га. У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы на ўчастках, якія прыйшлося выразаць, ідзе лесааднаўленне. Самае галоўнае, што ў Беларусі колькасць пасадкі перавышае колькасць высечкі. І на Магілёўшчыне колькасць саспелых лясоў з кожным годам павялічваецца, што кажа пра сістэмны падыход і сістэмную працу».

Да акцыі таксама далучыўся член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін. «Лес, які мы саджаем сёння, будзе радаваць нашых унукаў і праўнукаў сваімі дарамі. Гэта мае вялікае значэнне, таму настрой сёння выдатны. Такой дружнай кампаніяй мы робім нашае жыццё яшчэ лепшым і прыгажэйшым», - падкрэсліў ён.

У Магілёўскай вобласці падчас рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё» з 21 сакавіка па 12 красавіка плануецца высадзіць каля 1,6 млн саджанцаў. У цэлым у рэгіёне вясной з'явіцца больш за 2,7 тыс. га новых лесакультурных насаджэнняў, з іх каля 1 тыс. га - гэта аднаўленне лясоў на пацярпелых ад леташняй непагадзі тэрыторыях.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая