RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пасяджэнне абласнога выканаўчага камітэта адбылося ў Магілёве

Пасяджэнне абласнога выканаўчага камітэта прайшло сёння ў Магілёве пры ўдзеле старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, памочніка Прэзідэнта – інспектара па Магілёўскай вобласці Леаніда Мартынюка, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Ірыны Раінчык, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў аблвыканкама, старшыняў гаррайвыканкамаў.

На парадак дня былі вынесеныя пытанні падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да пачатку 2022–2023 навучальнага года, правядзення ў бягучым годзе рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча і абласнога музычнага фестывалю «Вялікая бард-рыбалка», а таксама шэраг іншых.

Як адзначыў падчас выступлення па першым пытанні начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, у новым навучальным годзе працягнуць функцыянаванне 333 установы агульнай сярэдняй адукацыі, уключаючы агульнаадукацыйныя школы-інтэрнаты, кадэцкае вучылішча, ліцэі (у тым ліку – вучылішча алімпійскага рэзерву, а таксама ўстановы адукацыі прыватнай формы ўласнасці).

«Запланаваны кантынгент складзе 117,2 тысячы навучэнцаў, з іх каля 12,1 тысячы навучэнцаў 1-х класаў. Усе ўстановы адукацыі Магілёўскай вобласці забяспечаны неабходнымі вучэбнымі дапаможнікамі, дыдактычнымі матэрыяламі ў поўным аб’ёме, – падкрэсліў Андрэй Заблоцкі. – У межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021–2025 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 студзеня 2021 г. № 57, у 2022 годзе за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ажыццяўляецца закупка навучальнага абсталявання, сучасных станкоў для кабінетаў працоўнага навучання, а таксама пастаўка 3D-прынтараў.

У 2022 годзе завершана пастаўка навучальнага абсталявання і сродкаў навучання для 43 кабінетаў біялогіі.

У межах інвестыцыйнай праграмы Магілёўскай вобласці на 2022‑2024 гады, зацверджанай рашэннем Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў ад 23 снежня 2021 г. № 35-10, запланавана будаўніцтва двух аднакватэрных жылых дамоў для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот, і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у Глускім і Кіраўскім раёнах. У бягучым годзе ўведзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 50 месцаў у г. Шклове.

На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Магілёўскай вобласці да новага навучальнага года прадугледжаны асігнаванні ў памеры 9049,4 тыс. рублёў, у тым ліку на ўстановы адукацыі абласнога падпарадкавання – 1424,2 тыс. рублёў.

У адпаведнасці з графікам правядзення абследаванняў спецыялізаванымі арганізацыямі будынкаў устаноў адукацыі вобласці на 2021–2025 гады, зацверджаным начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і ўзгодненым з гаррайвыканкамамі, у 2022 годзе неабходна выканаць абследаванні спецыялізаванымі арганізацыямі 114 будынкаў устаноў адукацыі. У цяперашні час абследавалі 36 будынкаў (32 %). Запланаваныя работы па абследаванні будынкаў будуць завершаны да канца 2022 г.

З мэтай своечасовага абнаўлення парку школьных аўтобусаў і арганізацыі бяспечнага і бесперабойнага падвозу навучэнцаў у сельскай мясцовасці ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2021 г. № 259рп-дсп «Аб набыцці школьных аўтобусаў» для Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе прадугледжана набыццё 33 школьных аўтобусаў».

У сваю чаргу начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алег Стэльмашок агучыў прапанову правесці Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў г. Бабруйску з 11 па 16 лістапада. Гэты фестываль праводзіцца адзін раз на два гады. Рашэнне аб яго правядзенні прымаецца аблвыканкамам па ўзгадненні з іншымі арганізатарамі. Фестываль планавалася правесці ў мінулым годзе, аднак у выкананне комплекснага плана па прафілактыцы інфекцыі COVID‑19 было прынята рашэнне аб пераносе мерапрыемства на 2022 год.

Што ж тычыцца арганізацыі музычнага фестывалю «Вялікая бард-рыбалка», то яго плануецца арганізаваць у в. Чачэвічы Быхаўскага раёна з 29 па 31 ліпеня. Гэта культурнае мерапрыемства накіравана на публічны паказ, распаўсюджванне і папулярызацыю народнай творчасці, садзейнічанне развіццю аўтарскай песні, падтрымку маладых і таленавітых аўтараў-выканаўцаў, развіццё і ўмацаванне культурных сувязяў, абмен духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі, арганізацыю культурнага вольнага часу і прывабліванне насельніцтва да ўдзелу ў творчых мерапрыемствах, садзейнічанне ўстойліваму развіццю міжрэгіянальных сувязяў і аграэкатурызму Быхаўскага раёна, турыстычнай зоны Чыгірынскага вадасховішча.

Таксама ў ходзе пасяджэння былі разгледжаны пытанні аб распараджэнні маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці Магілёўскай вобласці, аб прызнанні страціўшымі сілу асобных рашэнняў Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, аб дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійнай абшчыны і іншыя.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая