RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пайшла з жыцця вядучы майстар сцэны Магілёўскай абласной філармоніі Алена Мацярынка

Пайшла з жыцця вядучы майстар сцэны Магілёўскай абласной філармоніі Алена Мацярынка. Пра гэта паведамляецца на сайце ўстановы культуры.

Алена Мацярынка была ўладальніцай унікальнага сапрана шырокага дыяпазону, адной з вядучых у Беларусі салістак філармоніі, лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў. Яе выкананне адрознівалася эмацыянальнасцю, тонкім пачуццём стылю і выключнай музычнасцю. У рэпертуары спявачкі было больш за 250 твораў розных жанраў і стыляў. Класічныя – Баха, Гендэля, Пучыні, Чайкоўскага, Вердзі, Рахманінава, музыка рускіх і беларускіх кампазітараў, народныя песні і рамансы.

Алена Мацярынка стала першай прадстаўніцай Беларусі, якая перамагла на Усерасійскім адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў рускага раманса «Рамансіяда» (Масква, 1999 год), заваявала званне лаўрэата на міжнародным фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа» (Магілёў, 2003 год), атрымала спецыяльны прыз «Найлепшы голас» на адкрытым рэспубліканскім конкурсе маладых вакалістаў імя Л. П. Александроўскай (г. Ліда, Беларусь). З’яўляючыся салісткай аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Л. Іванова пад упраўленнем мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора М. Алданава, падрыхтавала шэраг сольных праграм – рускага раманса «Пад ласкай плюшавага пледа», з твораў П. І. Чайкоўскага. У межах музычнага фестывалю «Магілёўская музычная вясна – 2014» прайшоў яе сольны канцэрт «Прикосновение». Высокі прафесійны ўзровень і творчы патэнцыял дазвалялі ёй годна прадстаўляць беларускае вакальнае мастацтва ў краіне і за мяжой.

Алена Мацярынка таксама была першай у гісторыі Магілёва прафесійнай акадэмічнай вакалісткай, якая нарадзілася, атрымала адукацыю і працавала ў родным горадзе. Яна заслужана ўваходзіла ў плеяду самых перспектыўных вакалістаў нашай краіны, шмат і плённа працавала як канцэртны выканаўца, пастаянна пашырала свой рэпертуар. У 2007 годзе за высокае выканальніцкае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё і прапаганду беларускага мастацтва Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды – медаля Францыска Скарыны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая