RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пазнаёміцца з «Людзьмі Літвы» запрашаюць на фотавыставе ў Магілёве

Фотавыстава легендарнага літоўскага фатографа, лаўрэата Нацыянальнай прэміі культуры і мастацтва, кавалера Ордэна мастацтва і літаратуры Антанаса Суткуса «Людзі Літвы» адкрылася ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава.

Работы аднаго з найбольш выдатных прадстаўнікоў гуманістычнай фатаграфіі ў Еўропе і свеце, які ў 70-х гадах мінулага стагоддзя заклаў з калегамі асновы літоўскай фатаграфічнай школы, і сёння не пакідаюць абыякавымі. Мабыць, гэта менавіта тыя здымкі, якім удалося перадаць жыццё ў самых яркіх эмоцыях.

На выставе ў Магілёве прадстаўлена частка работ аўтара, якія ствараліся больш за 50 гадоў і аб’яднаны ў фатаграфічны цыкл. «Людзі Літвы» – гэта бясконцая серыя кадраў, у якіх знікаюць межы паміж інфармацыйнай і мастацкай фатаграфіяй, бо іх аўтара цікавіць не чыстая дакументалістыка, але глыбіня душы чалавека з яго радасцямі, адзінотай, пакутай і спачуваннем. Чорна-белая фатаграфія дазваляе ўбачыць самыя тонкія нюансы, не адцягваючы ўвагі на колер.

Дзіўныя кадры рэпартажнай здымкі, шчырыя дзіцячыя і кранальныя сямейныя партрэты, напоўненыя мудрасцю вочы старых, сур’ёзныя мужчыны, жаноцкія дамы, мноства іншых жывых і сапраўдных момантаў дораць непаўторныя ўражанні. Фотаздымкі Антанаса Суткуса захавалі мастакоў, вяскоўцаў і гараджан, палітыкаў, студэнтаў, зняволеных Каўнаскага гета, якія перажылі Халакост...

Аўтару ўласцівы інтуітыўнасць, здольнасць лёгка знаходзіць эмацыйную сувязь з людзьмі, якіх ён здымае, тонкае адчуванне і перадача імгненняў штодзённасці. «Людзі такія, якія ёсць, але, калі я іх фатаграфую, гэта «мае людзі», такія, якімі я іх бачу. З дапамогай сваёй камеры я заўсёды імкнуўся асэнсаваць свет, што акружае мяне», – адзначаў майстар.

Адкрываючы выставу, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў звярнуў увагу на асаблівую цеплыню прадстаўленых работ. Кіраўнік абласнога цэнтра нагадаў, што 22 гады таму Магілёў стаў пабрацімам Клайпеды. За гэты перыяд літоўскі бізнес моцна і паспяхова асвоіўся ў горадзе на Дняпры, устанавіліся добрыя культурныя сувязі. І сённяшняя экспазіцыя таму пацверджанне.

«Магілёўцам прадаставілася ўнікальная магчымасць азнаёміцца з працамі выдатнага майстра фатаграфіі, – падкрэсліў, у сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас. – Здымкі Антанаса Суткуса часцей можна ўбачыць у Нью-Ёрку, Жэневе, Берліне. Яны адносяцца да 60-70-х гадоў, калі мы былі разам у адной дзяржаве, мелі падобны лёс, таму, гледзячы на гэтыя працы, вы ўбачыце не толькі людзей Літвы, але і саміх сябе праз захаваныя моманты. У далейшым мы будзем рабіць усё магчымае, каб жыхары горада на Дняпры ведалі на толькі імя Саўлюса Варнаса, які быў галоўным рэжысёрам Магілёўскага драматычнага тэатра, але і іншых таленавітых літоўскіх майстроў».

Арганізатарамі выставы «Людзі Літвы» з’яўляюцца пасольства Літвы ў Беларусі, фатаграфічны архіў Антанаса Суткуса пры падтрымцы Савета культуры Літвы, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава. Экспазіцыя будзе працаваць у музеі да 30 мая.

Антанас Суткус нарадзіўся ў 1939 годзе ў вёсцы Клуанішкяй (Каўнаскі раён). Вывучаў журналістыку ў Вільні, працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», у 1969 годзе стаў заснавальнікам Таварыства фотамастацтва Літвы. Мае шмат узнагарод. Велізарны архіў творчасці аўтара па-новаму адкрываюць не толькі літоўскія, але і замежныя куратары і выдаўцы, яго працы захоўваюцца ў самых знакамітых музеях свету.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая