RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пераможцам фіналу рэспубліканскага праекта «Валадар сяла – 2019» стала сям’я Фядотавых з Кіраўскага раёна

Пераможцам рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Валадар сяла – 2019» стала сям’я Васіля і Кацярыны Фядотавых з аграгарадка Барчыцы Кіраўскага раёна.

Другое месца ў Віктара і Наталлі Янковічаў з гарадскога пасёлка Астрына Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.

Трэцяе месца ў праекце «Валадар сяла» занялі Барыс і Юлія Яраш з аграгарадка Крынічны Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.

Фінал «Валадара сяла» праходзіў сёння ў аграгарадку Ракаў Мінскай вобласці. Галоўнымі героямі папулярнага моладзевага праекта стала шэсць сямей з розных куткоў Беларусі. Усе яны ўжо перамаглі ў раённых і абласных этапах праекта, і зараз разам са сваімі дзецьмі спаборнічалі за тытул «Валадар сяла – 2019» у творчых і сельскагаспадарчых конкурсах. У ліку фіналістаў сем’і Аляксандра і Марыі Навіцкіх з аграгарадка Вулька-2 Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, Аляксандра і Алены Цяцера з аграгарадка Кушлікі Полацкага раёна Віцебскай вобласці, Пятра і Вольгі Мячкоўскіх з аграгарадка Лебедзева Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.

 

Пераможцу праекта пашанцуе прывезці дадому мотакультыватар «Фермер», за другое і трэцяе месца належаць пральная машына і тэлевізар. Акрамя таго, усе сем’і-фіналісты атрымліваюць у падарунак сертыфікат на суму ў 80 базавых велічынь (а гэта Br 2040), веласіпеды, касметыку для ўсёй сям’і, для дзяцей прыгатаваны прысмакі і мяккія цацкі.

 

 

Конкурс «Валадар сяла» стартаваў у Глыбоцкім раёне ў 2007 годзе. У 2008 годзе моладзевая ініцыятыва была падтрымана на рэспубліканскім узроўні. Праект атрымаў пастаянную прапіску ва ўсіх рэгіёнах краіны. З гэтага часу ён стаў традыцыйным і рэалізуецца як рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект, галоўная мэта якога – садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на вёсцы, умацаванне інстытута сям’і, развіццё гістарычных, культурных і сямейных каштоўнасцяў, традыцый беларускай вёскі, далучэнне сельскай моладзі да здаровага ладу жыцця. Арганізатарамі конкурсу выступаюць БРСМ, Міністэрствы сельскай гаспадаркі і харчавання, адукацыі, Мінаблвыканкам, Валожынскі райвыканкам. Партнёры праекта «Валадар сяла» – Белаграпрамбанк і Беларускі саюз жанчын. Конкурс праводзіцца пры падтрымцы ААТ «Слодыч» і СП «Беліта» ТАА.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая