RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пераможцаў адкрытых спаборніцтваў па мабільнай робататэхніцы вызначылі ў Бабруйску

Адкрытыя спаборніцтвы па мабільнай робататэхніцы ўпершыню прайшлі ў Бабруйску. Пра гэта паведамілі ў аддзеле тэхнічнай творчасці ДУА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Бабруйска».

У спаборніцтвах прыняло ўдзел 8 каманд дзяржаўных устаноў адукацыі. У горад на Бярэзіне прыехалі зборныя з чавускай СШ №2, гімназіі №3 г. Магілёва. Гаспадары турніру былі прадстаўлены навучэнцамі СШ № 34, дружынамі адукацыйнага цэнтра «Аксіёма» і аддзела тэхнічнай творчасці Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Спаборніцтвы праходзілі па двух напрамках. У выніку ў кампетэнцыі «Траекторыя LEGO» пераможцай стала каманда цэнтра «Аксіёма». Другое месца занялі вучні СШ № 34 Бабруйска. Бронза дасталася навучэнцам СШ № 2 г. Чавусы. У кампетэнцыі «Траекторыя ARDUINO» увесь п’едэстал гонару занялі зборныя аддзела тэхнічнай творчасці ДУА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Бабруйска».

Камандам-пераможцам і прызёрам уручылі дыпломы адпаведных ступеняў, а ўдзельнікам – падарункі ад спонсараў спаборніцтваў.

Акрамя спаборніцкай часткі, для дзяцей была арганізавана забаўляльна-гульнявая праграма з розыгрышамі прызоў. Дзеці змаглі паназіраць за шоу робатаў, прыняць удзел у майстар-класах па пачатковым тэхнічным мадэляванні, мадэляванні па 3D-друку. Для маленькіх гасцей працавала пляцоўка з аквагрымам, а старэйшыя маглі праверыць сваю трапнасць у лазертаг-ціры.

Аддзел тэхнічнай творчасці ДУА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Бабруйска» адкрыў лабараторыю высокіх тэхналогій у верасні 2018 года. Першы ў дадатковай адукацыі праект даў магчымасць развіваць інтэлектуальныя здольнасці і пазнаёміцца са сферай IT-тэхналогій.

Фота – Алена Бегуновіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая