RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Персанальная выстава мастака рамана Коршунава адкрыецца ў магілёўскім музеі В. К. Бялыніцкага-Бірулі

Персанальная выстава мастака Рамана Коршунава «У пошуках гармоніі» адкрыецца 23 мая ў магілёўскім музеі В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Пра гэта паведаміла загадчык філіяла ўстановы культуры Святлана Строгіна.

У экспазіцыю ўвойдуць новыя творы ўраджэнца Крычава, напісаныя за апошнія пяць гадоў. «Працуючы ў станковым жывапісе, пераважна ў жанры пейзажа і нацюрморта, мастак прызнае, што найлепшыя яго творы – аб родным краі, асабліва ў прамежкавы час: ранняя вясна, позняя восень, – адзначыла субяседніца. – Прырода для майстра стала галоўнай спадарожніцай творчасці. Ён бачыць прыгожае ў простых матывах і рэчах. Менавіта ў гэтым яго асаблівасць».

Паводле слоў Святланы Строгінай, мастаку ўласцівы рэгіяналізм – пачуццё асаблівай любові да малой радзімы, шчырае імкненне да адлюстравання паэтычнай прыгажосці родных месцаў Крычава, Магілёва. Гэта тэндэнцыя найбольш поўна выявілася ў жанры пейзажа. Творца імкнецца сродкамі жывапісу паказаць свае эмоцыі, данесці да гледача творчыя ідэі. Акцэнт у такога роду творах робіцца на каларыце, які, як правіла, рафініраваны па колеры і тонка нюансаваны («Першы снег», 2016; «Мой двор», 2018; «Вясна», 2018; «Ціхі вечар», 2018).

Не толькі пейзаж прыцягвае мастака, заўважыла загадчык філіяла «Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі». На адной прыступцы з ім нацюрморт, які вызначае асаблівасці манеры Рамана Коршунава. Гэта не проста падстава для штудыі натурнага, прадметнага свету, ён заўсёды частка прасторы: «Бэз», 2017 «Нацюрморт з кавуном», 2018.

Раман Коршунаў нарадзіўся 12 мая 1984 года ў Крычаве. У 2011-м скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (аддзяленне станковага жывапісу). Вучыўся ў прафесара, народнага мастака Беларусі Майя Вольфавіча Данцыга. Удзельнік мастацкіх выставак і міжнародных пленэраў. З 2011 года працуе выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну. З 2014-га з’яўляецца членам Грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў». Творы Рамана Коршунава захоўваюцца ў калекцыях Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Гродзенскага абласнога гісторыка-археалагічнага музея, Аршанскай карціннай галерэі, у прыватных калекцыях Расіі, Аўстрыі, Кітая.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая