RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Першай справай – самалёты. Як праводзяць выхадныя хлопцы і дзяўчаты з магілёўскага аэраклуба

Сустрэча з аблокамі, свабоднае падзенне і адрэналін у крыві – так праводзіць выхадныя моладзь з Магілёўскага аэраклуба. Хлопцы і дзяўчаты рознага ўзросту і з розным вопытам скачкоў, якіх аб’ядноўвае любоў да неба, сабраліся на аэрадроме паблізу вёскі Новае Пашкава. Узлёт на дзядку АН-2 на вышыню ад адной да трох тысяч метраў і захапляльныя скачкі з парашутам – забава не для кожнага. Тут патрэбныя моцныя нервы і жалезны характар. А мяркуючы па колькасці жадаючых падняцца ў нябёсы, адчайных і мужных тут хапае.

Напрыклад, Аліна Харошча ўжо зрабіла 23 скачкі.

«У мяне бабуля займалася парашутным спортам, – згадвае Аліна. – З дзяцінства памятаю яе апавяданні і заўсёды хацела паспрабаваць, як гэта – скокнуць з парашутам. І вось, набраўшыся мужнасці, прыйшла ў аэраклуб. Першы раз скакаць было не страшна, у адрозненне ад другога. Калі крочыш з самалёта ўпершыню, яшчэ не да канца разумееш, чаго чакаць. Але пасля другога скачка ўсе фобіі праходзяць, і цяпер я не ўяўляю жыцця без неба».

А вось у Анастасіі Міхальцовай вопыту пабольш: у свае 22 гады дзяўчына ўжо зрабіла 303 скачкі.

«Убачыла аб’яву ў інтэрнэце аб наборы ў групы і вырашыла паспрабаваць свае сілы, – расказвае Насця. – Акрамя саміх скачкоў, мне вельмі падабаецца атмасфера прыязнасці і ўзаемадапамогі, якая пануе тут».

«А вось я баялася, што мяне не возьмуць, – далучаецца да размовы Лізавета Мельнікава. – Пры росце 163 сантыметраў мая вага ўсяго 45 кілаграмаў. Думала, што калі не пусцяць скакаць, то хоць парашут навучуся ўкладваць. Цяпер у мяне ўжо 179 скачкоў за плячыма».

Калі для дзяўчат скачкі больш хобі, то ў Валянціна Марцінкевіча на парашутны спорт вялікія планы. 

«У мяне бацька працаваў лётчыкам-інструктарам, вось і я хачу пайсці па яго слядах і паступіць у ваенную акадэмію», – падзяліўся планамі Валянцін.

У неабсяжных прасторах беларускага неба знайшоў выратаванне ад самаізаляцыі масквіч Аляксандр Малюцін.

«Паўтара месяца таму перабраліся да сваякоў жонкі ў Магілёў, – расказвае Аляксандр. – Вось і праводзім вы мушаны адпачынак з карысцю. У мяне гэта ўжо дзясяты скачок. Упершыню скокнуў яшчэ ў тым годзе. Спрабаваў займацца парашутным спортам і ў Маскве, але тут мне падабаецца больш. Менш людзей, даступнасць, і усё гэта пры добрай арганізацыі палётаў».

Ёсць сярод хлопцаў і дзяўчат такія, хто, упершыню сутыкнуўшыся з небам і палётамі, гатовы да кардынальных пераменаў.

Так, напрыклад, праграміст Валянціна Бакулёва зусім яшчэ нядаўна прыступіла да навучання на пілота самалёта ЯК-52, а ўжо сур’ёзна задумваецца аб змене прафесіі.

Небу, як і каханню, усе ўзросты пакорныя. Вось і шасцігадовы Ільюха Раковіч мроіць палётамі. У хлопца выбар відавочны: унук заслужаных спартсменаў парашутнага спорту Раковічаў, сын майстра спорту міжнароднага класа Юрыя Раковіча – цяга да неба ў хлопчыка ў крыві. 

Ставіцца да парашутнага спорту можна па-рознаму, але бясспрэчна адно: гэта занятак для моцных і свабодных духам людзей.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая