RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Першая партыя збожжаўборачных камбайнаў перакінута з поўдня на поўнач Магілёўскай вобласці

Першая партыя збожжаўборачных камбайнаў перакінута 7 жніўня з паўднёвых у паўночныя раёны Магілёўскай вобласці. Гэта неабходна для паскарэння тэмпаў уборкі і зніжэння страт збожжа, расказаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Анатоль Ланкуць.

«Паўднёвыя раёны – Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі, Глускі – ужо ўшчыльную падышлі да экватара ўборкі ці нават пераадолелі яго, наперадзе завяршальная стадыя, – адзначыў Анатоль Ланкуць. – Каб паскорыць тэмпы па ўсёй вобласці, прынята рашэнне частку камбайнаў перанакіраваць у паўночныя раёны вобласці. Бо поўдзень і поўнач вельмі адрозніваюцца па кліматычных і пагодных умовах. Так, калі ў адной частцы хлеб спее раней і ўборка ўжо ідзе поўным ходам, то ў другой збожжа яшчэ вільготнае, дастаткова не налілося. Сёння поўнач уваходзіць у актыўную стадыю гарачай пары: зерне гатова, справа засталася за тэхнікай і надвор’ем. Таму сёння 6 камбайнаў перакінута з Кіраўскага ў Быхаўскі раён».

Па словах Анатоля Ланкуця, ратацыю тэхнікі неабходна рабіць менавіта ў сярэдзіне, а не ў канцы ўборачнай кампаніі, пакуль ёсць нармальныя плошчы, нямнога пустазелля, ды і надвор’е спрыяе. «У ранейшыя гады камбайны перакідваліся толькі ў канцы ўборкі (гэта другая палова жніўня), і ў гэтым плане мы спазняліся, – удакладніў спецыяліст. – Зараз вырашылі зрабіць больш эфектыўна: перагнаць тэхніку ў разгар уборкі і атрымаць большы валавы збор з добрых плошчаў. Вопыт паказвае, што пасля 25 жніўня дні становяцца нашмат карацейшымі і халаднейшымі, а з-за пастаянных туманаў збожжа больш вільготнае».

Новая тактыка дазволіць паскорыць тэмпы і знізіць страты. Ужо праз 3-4 дні яшчэ 7 камбайнаў Задняпроўскага межрайаграсэрвісу будуць адпраўлены ў Быхаўскі, Круглянскі, Горацкі і Мсціслаўскі раёны. У першую чаргу аграрыі будуць ўбіраць самыя ўраджайныя палі, каб павялічыць намалоты. На раніцу 7 жніўня ў вобласці ўбрана 30,4% плошчаў, ураджайнасць склала 31,6 ц/га, што вышэй за мінулагоднюю на 1,2 ц/га. Найбольш высокія паказчыкі ў паўднёвай частцы рэгіёна. Так, Глускі раён ужо ўбраў 78% усіх плошчаў, Бабруйскі – 49%, Кіраўскі – 48% і Асіповіцкі – 43%.

Тэмпы ўборкі за дзень складаюць прыкладна 4% плошчаў, што дае магчымасць прагназаваць заканчэнне масавай уборачнай на працягу 25 дзён. На палях вобласці зараз працуе 95% ад наяўных у галіне камбайнаў, або 979 з 1045 адзінак тэхнікі.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая