У Магілёве 30-ы раз стартаваў міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер». Першы маштабны канцэрт «Шансон-парад» аб'яднаў аматараў гэтага музычнага напрамку.

На сцэне Палаца культуры вобласці сёння выступіў расійскі спявак і кампазітар Віктар Дорын, а таксама выканаўца, кампазітар і лідэр гурта «Кабрыялет» Аляксандр Марцінкевіч.



Як адзначыў падчас прэс-канферэнцыі Віктар Дорын, пра «Залаты шлягер» ён даведаўся літаральна на днях, але Магілёў для яго практычна родны. Бо адсюль родам яго цешча.
Паразважаў выканаўца і пра тое, ці застаецца шансон запатрабаваным. Паводле яго слоў, вызначыць гэта можна па зале, у тым ліку магілёўскай. «Калі будзе зала поўная, значыць, яна запатрабаваная. Калі зала будзе пустая, значыць, не запатрабаваная, - сказаў ён. - А ў цэлым па свеце ў кожнага жанру ёсць свае слухачы. Роўна як у шансона ёсць свае слухачы, роўна як і ў поп-музыкі. Ці запатрабаваны той ці іншы выканавец - гэта іншае пытанне. І ўсё гэта залежыць толькі ад таго, наколькі людзі набываюць квіткі на таго ці іншага артыста ці праслухоўваюць яго на стрымінгавых пляцоўках», - адзначыў ён.

Нягледзячы на вялікі вопыт выступленняў, Віктар Дорын падзяліўся, што заўсёды хвалюецца перад выхадам да гледачоў. «Калі чалавек хвалюецца, значыць, яму ёсць завошта перажываць. Калі ён перажывае, значыць, ён хоча сваю справу зрабіць добра. Наколькі добрая справа атрымаецца ў яго, тут ужо ад розных фактараў залежыць. Але калі чалавек перажывае, ён усё ж такі любіць сваю справу, любіць свайго гледача і любіць тое, чым займаецца», - адзначыў ён.




Для магілёўскіх гледачоў расійскі выканаўца падрыхтаваў сюрпрыз. «Будзе прэм'ера. Нядаўна якая выйшла песня «Жаночая логіка», якая яшчэ ні разу не гучала на канцэртнай пляцоўцы», - прызнаўся ён.
Аляксандр Марцінкевіч дадаў канцэрту сапраўднага цыганскага каларыту. Вялікая разнастайнасць тэм песень, унікальны стыль артыста адчуваецца ва ўсім. Артыст прадставіў як знакамітыя і ўпадабаныя песні, так і кампазіцыі з новага альбома.
Сярод тых, хто вырашыў паслухаць жывое выступленне артыстаў, - Наталля Клімавіч з Асіповічаў. Жанчына прыехала сюды разам з калегамі - з пакупкай білетаў дапамагло прафсаюзнае ячэйка. «Наш прафсаюз імкнецца прыхарошваць нашы будні, ездзім на экскурсіі, сёння на канцэрт - распавяла яна. - Увосень, калі на вуліцы ўжо ўсё шэрае, а надвор'е не радуе сонцам, такія творчыя сустрэчы дораць зарад добрага настрою. А яшчэ гэта магчымасць цікава правесці час з калегамі».



З Краснаполля на канцэрт у Магілёў прыехала Вольга Фралянкова. Жанчына расказала, што вельмі любіць шансон, заўсёды ўключае яго ў машыне. І нават мужа «падсадзіла» на такую музыку. «Падабаецца мне шансон сваёй душой. Хацелася ўбачыць выканаўцаў ужывую: і Дорына, і Марцінкевіча, - сказала яна. - Прыехалі цэлым аўтобусам калегаў. Правядзем выдатны вечар у выдатнай кампаніі».


Міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер» праходзіць у Магілёўскай вобласці з 26 кастрычніка па 3 лістапада. Праграма творчай падзеі насычаная і разнастайная: канцэрты, тэматычныя майстар-класы, сустрэчы з выканаўцамі, спектаклі, кінапаказы і выставы. У час фестывалю задзейнічаюць пляцоўкі не толькі абласнога цэнтра, але і Бабруйска і Крычава.



Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.11.2025 - 15:14
03.11.2025 - 12:23
«Залаты шлягер». Дзённік: Капэла Цюменскай філармоніі прадставіла праграму «Хор. Музыка Кіно»
31.10.2025 - 10:57
«Залаты шлягер-2025». Дзённік: беларускія песні з італьянскім акцэнтам!