RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Першы ў Беларусі кабінет лячэння болю адкрыецца ў Магілёве

Першы ў Беларусі кабінет лячэння болю адкрыецца на днях на базе Магілёўскай бальніцы № 1. Ён забяспечаны неабходным абсталяваннем. Загадчык кабінетам урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг бальніцы Сяргей Гапановіч і яго калегі ўжо аказваюць спецыялізаваную дапамогу першым пацыентам, якія маюць патрэбу ў сістэмным лячэнні хранічнага болевага сіндрому.

«Медыцына болю – вельмі важны кірунак аховы здароўя ўсіх перадавых краін свету, які інтэнсіўна развіваецца, – расказаў намеснік галоўнага ўрача бальніцы Аляксей Шчарбінскі. – Нярэдка медыкі сутыкаюцца з сітуацыяй, калі боль не проста сімптом хваробы, а сама з’яўляецца хранічнай паталогіяй, яна мучыць чалавека гадамі і патрабуе пэўнага лячэння (болі спіны, галавы, таза). Паводле міжнароднай статыстыкі кожны пяты жыхар планеты пакутуе хранічным болевым сіндромам. У многіх краінах гэтай праблемай займаюцца кабінеты і клінікі болю. У Эстоніі, напрыклад, з насельніцтвам менш за паўтара мільёна чалавек функцыянуе больш за 10 кабінетаў болю».

Сяргей Гапановіч працуе ў гэтым кірунку ўжо больш за 5 гадоў. Стажыраваўся ў шэрагу краін, у тым ліку ў клініцы болю ў Кёльне. Сёння лячэннем хранічнага болевага сіндрому захоплены не толькі ён, яго калегі анестэзіёлагі-рэаніматолагі, але і ўрачы іншых аддзяленняў бальніцы. Падтрымлівае ў гэтых распрацоўках і адміністрацыя бальніцы, галоўны анестэзіёлаг-рэаніматолаг краіны Аляксандр Дзядзько. А летась Сяргей Гапановіч атрымаў грант Прэзідэнта РБ на развіццё тэмы. І вось зараз адкрыццё першага ў Беларусі кабінета лячэння болю – паспяховая рэалізацыя гэтага праекта.

«Пакуль пераважна займаемся найбольш частым у структуры хранічных болевых сіндромаў болем у ніжняй частцы спіны – дыскагеннай радыкулапатыяй, звязанай з дэгенератыўнымі зменамі пазваночніка. Ужываем не толькі класічныя сродкі і формы, але, напрыклад, паспяхова праводзім у аперацыйнай пад УГД-кантролем інтэрвенцыйныя працэдуры, якія блакіруюць болевыя імпульсы ў зоне іх узнікнення, – растлумачыў Сяргей Гапановіч. – Паступова, пакрокава будзем асвойваць лячэнне боляў рознай лакалізацыі, прыцягваць да гэтай працы і іншых спецыялістаў».

Па яго ініцыятыве ствараецца ў Беларусі, па прыкладзе іншых краін, таварыства лячэння болю. Ужо больш за 50 урачоў з розных рэгіёнаў краіны выказалі жаданне стаць яго членамі. І гэта не толькі анестэзіёлагі-рэаніматолагі, але і неўролагі, нейрахірургі, фізіятэрапеўты... Распрацаваны статут, вырашаецца пытанне з юрыдычнай рэгістрацыяй таварыства.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая